Міліцыянты наладзілі сапраўднае паляваньне на пікетоўцаў і распаўсюднікаў
улётак з заклікам да байкоту выбараў і ўдзелу ў “Маршы Свабоды – 3”. Міліцыянты
пераважна забіраюць непаўнагадовых падлеткаў.
За апошні тыдзень праваахоўныя ворганы актывізавалі затрыманьні распаўсюднікаў
улётак з заклікам байкоту і ўдзелу ў “Маршы Свабоды – 3”. Студэнты й школьнікі,
як найбольш актыўныя ўдзельнікі вулічных акцыяў, выклікаюць асаблівую ўвагу
з боку міліцыянтаў.
У рэгіёнах міліцыянты робяць сапраўдныя аблавы ў мейсцах, дзе зьбіраюцца
падлеткі. Так, у Жодзіне ўчора ўвечары каля свайго дома быў затрыманы 17-цігадовы
Павал Красоўскі. Ён сядзеў на лаўцы разам са сваімі сябрамі. Раптам перад
імі зьявіліся супрацоўнікі міліцыі…
Гаворыць Павал Красоўскі:
(Красоўскі: ) “Убачыўшы значку Маршу Свабоды, яны паклікалі мяне да
сябе і паставілі да плоту. Пры гэтым яны нецэнзурна лаяліся. У мяне з кішэні
дасталі налепкі “Байкот 2000”. “У-у… антыправіцельсьцвенная праграма. Ты
папаў, пацан”. Потым з маёй унутранай кішэні ён дастаў налепкі “Марш Свабоды”,
“Наш край” і “Стоп Лука”. Мы паселі на лаўку, і яны кажуць, што зараз выкураць
па цыгарэце, а ты падумай – ад адказу будзе вырашацца твой лёс. Яны хацелі,
каб я ім сказаў, што за гэтыя налепкі мне плоцяць грошы, 20 рублёў за адну
налепку. Потым яны хацелі мне прыпісаць сувязь з УНА-УНСО. Я прасіў, каб
яны адвялі мяне дадому і паказалі бацькам, але яны адмаўлялі ў гэтым, хоць
да дому было паўкроку. Дзяжурны адмаўляўся мяне рэгістраваць, казаў, каб
“гэтага маленькага прыдурка адпусьцілі дадому”, але той, што мяне затрымаў,
Дзенясюк, казаў, маўляў, ты ж ведаеш, які нам далі загад”.
Толькі ўначы юнак трапіў дахаты. Зь неафіцыйных крыніцаў стала вядома,
што міліцыянты маюць адмысловы загад затрымліваць распаўсюднікаў улётак.
За гэта нібыта прадугледжаная матэрыяльная ўзнагарода. Магчыма, з гэтае
нагоды менскія міліцыянты так шчыруюць.
Сёньня яны на ганку 10-е менскае школы схапілі двух вучняў 7-е клясы
Алега Чарэтуна і Андрэя Курбакова, у якіх на ранцах былі значкі з надпісам
“Марш Свабоды”. Гэтых хлопцаў пацягнулі на гэтак званае “разьбіральніцтва”.
Такім чынам, толькі ў Менску за апошнія суткі было затрымана каля дзясятка
чалавек. Усе яны зьяўляюцца школьнікамі або студэнтамі. Аналіз сытуацыі
дае падставу меркаваць, што з набліжэньнем даты правядзеньня выбараў сьпіс
затрыманых значна павялічыцца.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1