Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларускім уладам не шанцуе зь міжнароднымі назіральнікамі на выбарах у “палату прадстаўнікоў”. Далёкі Кітай адмаўляецца ад адпаведнага запрашэньня, а парлямэнт суседняе Латвіі забараніў тром сваім дэпутатам службовую выправу ў Менск на 15 кастрычніка.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі з нагоды нацыянальнага сьвята — дня абвешчаньня КНР — я запытаў кітайскую амбасадарку У Сяоцю пра назіральнікаў ад КНР, якіх чакае афіцыйны Менск. Спадарыня У адказала:

(У: ) “Вы ведаеце, мы сапраўды атрымалі запрашэньне, просьбу паслаць назіральнікаў. Вы ведаеце, у нас дагэтуль няма практыкі пасылаць назіральнікаў на выбары ў іншыя краіны. Выключэньні бываюць толькі ў межах ААН”.

Паводле словаў амбасадаркі КНР у Менску, Кітай ня будзе здраджваць сваёй практыцы й на гэты раз, таму кітайскіх назіральнікаў у Беларусі ня будзе.

Ня будзе і афіцыйных назіральнікаў ад суседняе Латвіі, бо прэзыдыюм Сойму гэтае краіны не дазволіў тром дэпутатам прарасейскае фракцыі “За правы чалавека ў адзінай Латвіі” паехаць у Менск назіраць за выбарамі 15 кастрычніка. Сьпікер Сойму Яніс Страўмэ заявіў на паседжаньні прэзыдыюму, што, улічваючы стаўленьне міжнародных арганізацыяў да беларускіх выбараў, удзел у назіраньні дэпутатаў Андрэя Кляменцьева, Юрыя Сакалоўскага ды Аляксандра Голубава трэба забараніць. Спадар Голубаў, які хацеў стаць кіраўніком латвійскае дэлегацыі, распавёў пра пазыцыю сьпікера:

(Голубаў: ) “Матыў адказу, зь яго словаў, тое, што краіны АБСЭ не зьбіраюцца пасылаць туды сваіх назіральнікаў, і таму нас вырашылі туды не накіроўваць”.

Гэта быў сябра парлямэнту Латвіі Аляксандар Голубаў. Ён паведаміў, што ўсе тры названыя дэпутаты латвійскага Сойму ад фракцыі “За правы чалавека ў адзінай Латвіі” усё ж зьбіраюцца ў Беларусь. Але іхная паездка будзе з пункту погляду афіцыйнае Рыгі толькі прыватнаю.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG