У Беларусі выйшла ў сьвет скандальная кніга адного з буйных дзяячоў
белагвардзейскага руху, пісьменьніка Яўгена Чырыкава “Зьвер зь бездані”.
У былым Савецкім Саюзе гэтую кнігу заўжды лічылі антысавецкім творам. Упершыню
раман быў надрукаваны ў Празе ў 1924 годзе на чэскай, а потым на расейскай
мове. І толькі цяпер, праз 76 год, гэтая кніга была надрукаваная ў Беларусі,
дзе ў свой час жыў пісьменьнік.
Нядаўна беларускае выдавецтва “Тэтрасыстэм” надрукавала раман Яўгена
Чырыкава “Зьвер зь бездані” накладам 4 тысячы асобнікаў. Асоба белагвардзейскага
афіцэра і, дарэчы, аднаклясьніка Леніна, Яўгена Чырыкава ў свой час выклікала
досыць супярэчлівыя меркаваньні ў сучасьнікаў. У ягоным рамане “Зьвер зь
бездані” распавядаецца пра падзеі грамадзянскае вайны, пра злачынствы “белых”
і “чырвоных”. У Савецкім Саюзе гэты твор лічылі варожым і антысавецкім.
У той жа час у эмігранцкім асяродзьдзі за гэтую кнігу Чырыкаву нават наладзілі
ў Парыжы “суд гонару”.
Значная частка жыцьця Яўгена Чырыкава была зьвязаная зь Беларусьсю.
Зараз у Менску жыве ўнук пісьменьніка, таксама Яўген Чырыкаў.
Пра свайго дзеда распавядае Яўген Чырыкаў:
(Чырыкаў: ) “Ён жыў у Беларусі з 1895 году. У Менск дзед прыехаў, калі
ўжо быў даволі знакамітым пісьменьнікам. Ён шмат чаго зрабіў для Беларусі,
і ягоная дзейнасьць тут яшчэ добра не дасьледаваная. Чырыкаў быў адным
з заснавальнікаў Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў у Менску. Але
ў дваццатым годзе ён быў вымушаны эміграваць, паколькі актыўна выступаў
супраць савецкае ўлады. Ягоны твор “Зьвер зь бездані” — гэта непасрэднае
адлюстраваньне ягонага стаўленьня да грамадзянскае вайны”, — зазначыў унук
пісьменьніка Яўген Чырыкаў.
Да 19-ці гадоў ён жыў у Празе, а ў 1956 годзе пераехаў у Беларусь. Шмат
гадоў спрабаваў знайсьці выдаўца для дзедавага рамана, які, дарэчы, быў
надрукаваны ў многіх краінах і на розных мовах. І толькі цяпер скандальная
кніга Яўгена Чырыкава “Зьвер зь бездані” ўбачыла сьвет менавіта ў Беларусі.
У Расеі яна дагэтуль не надрукаваная.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1