Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Папярэджаньні — пакуль такія прысуды выносіць судзьдзя ў адміністрацыйных справах Першамайскага суду Юры Гарбадоўскі затрыманым удзельнікам акцыі “Сустрэча з выбаршчыкамі”. Разам з тым з судовых працэсаў вынікае, што міліцыянты, якія затрымліваюць пікетоўцаў, нават ня ведаюць, на падставе якога заканадаўства яны гэта робяць.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі разглядаў справы Сяргея Шынкевіча, Валянціна Гатоўкі, Сяргея Карбоўскага, Марыі Сініцы й Валерыя Жэрбіна. 15 верасьня яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі Першамайскага РАУСу за тое, што сабраліся ля ўнівэрсаму для сустрэчы з выбаршчыкамі.

Сёньня ў якасьці сьведкаў паказаньні давалі намесьнік начальніка Першамайскага РАУСу Генадзь Рудовіч, выканаўца абавязкаў начальніка гарадзкога аддзелу міліцыі Аляксандар Шлячын і маёр Сяргей Яшын. Палкоўнік Рудовіч патлумачыў, што людзі былі затрыманыя за тое, што абмяркоўвалі выбарчую кампанію. Калі ён даведаўся ў судзе, што гэта прадугледжана выбарчым заканадаўствам, дык трохі зьмяніў паказаньні. Палкоўнік міліцыі паведаміў, што абмяркоўвалася таксама эканамічнае і палітычнае становішча ў краіне, а для гэтага трэба мець адмысловы дазвол ад уладаў. Другі міліцэйскі начальнік, Аляксандар Шлячын, заявіў, што, калі людзі заклікаюць байкатаваць выбары, дык яны бясспрэчна парушаюць заканадаўства. Якое менавіта — ён адказаць ня здолеў.

Ані Рудовіч, ані Шлячын не маглі назваць суду зьмест пляката, які быў канфіскаваны ў затрыманых. Гэта ўзгадаў толькі маёр Яшын. Ён працытаваў: “Не – выбарчаму фарсу”. На гэтай падставе судзьдзя Гарбатоўскі ўгледзеў склад правапарушэньня й вынес папярэджаньне Сяргею Карбоўскаму.

Калі ж разглядалася наступная справа — Валянціна Гатоўкі — міліцыянт Аляксандар Шлячын выклікаў хвалю рогату сярод прысутных у судовай залі. Ён раптам узгадаў зьмест плякату і ўсур’ёз заявіў: “Не — выбарчаму фаршу”. Паколькі пасьля гэтага было заяўлена хадайніцтва ў праглядзе міліцэйскае відэастужкі, разгляд справы перанесьлі на 28 верасьня.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG