На пятніцу былі зарэгістраваныя 574 кандыдаты ў дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў”.
23 асобы з гэтае колькасьці далучыліся да выбарчае кампаніі толькі пасьля
разгляду іхных скаргаў Цэнтравыбаркамам. Але старшыня камісіі Лідзія Ярмошына
чакае новага зьмяненьня лічбаў — колькасьць кандыдатаў можа як павялічыцца
(пасьля працэсаў у Вярхоўным судзе), гэтак і паменшыца (праз адмову кандыдатаў
ад удзелу ў выбарах).
Пасьля двух дзён разгляду скаргаў тых, каго не зарэгістравалі тэрытарыяльныя
выбарчыя камісіі, старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына абвесьціла вынікі.
Усяго незарэгістраваных было 218, але траціна зь іх вырашыла далей не змагацца.
Таму камісія спадарыні Ярмошынай, паводле яе ж словаў, “у любові ды згодзе”
разглядала толькі 146 выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі. З гэтае паўтары сотні
скаргаў задаволеныя ўсяго 23. Сярод сьвежых кандыдатаў толькі адно вядомае
прозьвішча — гэта Ўладзімер Навасяд, кіраўнік “Грамадзянскага Форуму”,
які пайшоў на выбары насуперак рашэньням сваёй партыі — Аб’яднанае Грамадзянскае.
Што да тых, каму не пашэнціла прайсьці празь сіты Цэнтравыбаркаму, Лідзія
Ярмошына згадала першага кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына,
які ня здолеў падаць даведкі пра пацьверджаньне статусу юрыдычнай асобы
ад тых прадпрыемстваў, чые калектывы вылучалі яго кандыдатам, ды Валера
Шчукіна, які меў праблемы з падаткавай дэклярацыяй і якасьцю подпісаў.
Цяпер цягам трох дзён, улучаючы сыботу ды нядзелю, скаргі незарэгістраваных
будзе разглядаць Вярхоўны суд Беларусі. Паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму,
супроць камісіі будзе ня менш як 7 працэсаў.
Я папрасіў Лідзію Ярмошыну пракамэнтаваць новы фільм Юрыя Азаронка (аўтара
“Дзяцей хлусьні”), што быў прадэманстраваны дзяржаўнаю тэлевізіяй учора
ў перадачы “Выбары-2000” адразу пасьля прамоваў кандыдатаў ды зганьбіў
Аляксандра Фядуту й Міколу Статкевіча. Азаронак злучыў у фільме забаронены
парад гомасэксуалістаў, нэгатыўны камэнтар праваслаўнага сьвятара, нейкі
артыкул Фядуты са словам “сэксуальны” і голас Статкевіча, зрабіўшы выснову:
усе гэтыя, як ён сказаў, “пэдэрасты, нацыяналісты ды іншыя змагаюцца супраць
Беларусі й сьвяткуюць Аршанскую бітву, хоць 8 верасьня трэба адзначаць
пачатак — менавіта пачатак — блякады Леніграду й чарговыя ўгодкі бітвы
Кулікоўскае”. Высьветлілася, што старшыня Цэнтравыбаркаму перадачу “Выбары-2000”
ды ўвогуле БТ не глядзіць. Але яна параіла зьвяртацца ў суд з позваю ў
абарону гонару й годнасьці.
Яшчэ адну навіну пра Міколу Статкевіча паведаміла сама Лідзія Ярмошына,
якая раней распавяла падрабязнасьці ягонае рэгістрацыі.
(Ярмошына: ) “Статкевіч зьвярнуўся ў пракуратуру, дзе просіць прыцягнуць
Ярмошыну да адказнасьці за тое, што яна паведаміла гэта сродкам масавай
інфармацыі. Гэта трошку з рубрыкі “Іх норавы”, паняцьце галоснасьці пры
правядзеньні вывбараў”.
На пытаньне, якая ёсьць працэдура адмовы зарэгістраванага кандыдата
ад удзелу ў выбарах, спадарыня Ярмошына адказала, што кандыдат можа зрабіць
гэта ў любы час, нават у дзень галасаваньня. Але, паводле словаў Лідзіі
Ярмошынай, такі кандыдат мусіць кампэнсаваць выбарчай камісіі ўсе выдаткі,
зьвязаныя зь ягонай рэгістрацыяй, калі прычына адмовы ў выбарах будзе прызнаная
непаважнаю. Ужо сёньня старшыня Цэнтравыбаркаму заявіла, што калі Мікола
Статкевіч будзе сыходзіць з дыстанцыі, матывуючы гэта адмоваю ў рэгістрацыі
бальшыні сяброў ягонае партыі, дык гэта будзе прычына непаважная.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1