Сьледчая брыгада пад кіраўніцтвам Вячаслава Цераховіча
з генэральнай пракуратуры скончыла ўсе вышуковыя дзеяньні ў справе хабарніцтва
ў Гомельскім мэдычным інстытуце. Зараз распачата знаёмства былых супрацоўнікаў
інстытуту, якія абвінавачваюцца ў атрыманьні хабару, з матэрыяламі сьледзтва.
Знаёмства з матэрыяламі сьледзтва працягнецца сама меней да канца верасьня.
Крымінальная справа налічвае звыш 40 тамоў. Паводле яе абвінавачваюцца:
перш за ўсё былы прарэктар мэдінстытуту Ўладзімер Раўкоў, які ўжо пятнаццаты
месяц знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гомелю, а таксама колішнія старшыні
прадметных камісіяў: біялёгіі — Натальля Фомчанка, беларускае мовы й літаратуры
— Ніна Шамочык.
Фігуруе ў справе й былы рэктар мэдінстытуту, прафэсар Юры Бандажэўскі,
але, наколькі вядома, першапачатковая вэрсія сьледзтва ў адносінах яго,
як арганізатара злачыннае групоўкі, развалілася.
Прафэсар знаходзіцца зараз у сябе дома, у Гомелі, і чакае выкліку ад
сьледчага ў асабліва важных справах генпракуратуры Вячаслава Цераховіча,
каб таксама пазнаёміцца з вынікамі расьсьледаваньня.
Сёньня Юры Бандажэўскі паведаміў вашаму карэспандэнту, што завяршыў
падрыхтоўку да выданьня ўжо трэцяй за апошні год навуковае кніжкі — пра
ўплыў радыецэзію на сэрца чалавека, і распачаў працу над чацвертай, у якой
зьбіраецца абагуліць дасьледаваньні ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на
разьвіцьцё зародышу чалавека.
На пачатак кастрычніка прафэсар Бандажэўскі атрымаў запрашэньне ў Эўрапарлямэнт
— як экспэрта на абмеркаваньне праектаў гуманітарнае дапамогі, у тым ліку
і Беларусі. Аднак паездка прафэсара ў Страсбург застаецца пад вялікім пытаньнем,
паколькі менавіта напачатаку наступнага месяца сьледчы Вячаслаў Цераховіч
плянуе накіраваць справу пра хабарніцтва на разгляд у абласны суд.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1