Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Геаграфічна выгоднае разьмешчаньне Беларусі разам з інтэграцыйнымі памкненьнямі беларускага кіраўніцтва спрыяюць расейскаму нафтагазаваму комплексу ў падачы нафты й газу ў Эўропу. Але транзытная роля мае і адваротны бок. Перш за ўсё гэта зьвязана зь небясьпекаю аварыяў. Пра верагоднасьць тэхнагэнных катаклізмаў на беларускіх газасховішчах распавядае наш карэспандэнт.

Сховішчы газу — гэта своеасаблівы рэзэрв на выпадак, так бы мовіць, энэргетычнага голаду. Адное з такіх сховішчаў два дзясяткі год таму было абсталявана пад геалягічным купалам цьвёрдае пароды побач з Асіповічамі. Але з-за парушэньняў нормаў запампоўваньня (пры разьлічанае трываласьці ў 50 атмасфэраў звычайна запампоўваюць 70) цягам часу натуральны рэзэрвуар пачаў прыходзіць у аварыйны стан.

Ананімныя крыніцы зь “Белтрансгазу” паведамляюць, што апошнім годам купал пачаў даваць расколіны. Жыхары бліжэйшых дамоў неаднаразова зьвярталі ўвагу, што ў падвалах, склепах, нават у студнях адчуваецца моцны пах прыроднага газу. Праз гэта ўжо цяпер, паводле спэцыялістаў, Асіповіцкае сховішча штогод губляе 10-12 млн. кубамэтраў умоўнага паліва.

Але галоўнае, што гэта ўяўляе небясьпеку для вялікае колькасьці людзей. Пэўная канцэнтрацыя газу ўтварае выбуховую сумесь нават у зьвязку з кіслародам. Гістарычныя прыклады сьведчаць, што ўдару маланкі або выпадковае запалкі хапае для магутнага выбуху.

Між іншым, у кіраўніцтве “Белтрансгазу” запэўніваюць, што сытуацыя трымаецца на кантролі. Гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Зьміцер Анюк.

“Сховішча, сапраўды, складанае, але яшчэ ў час Саюзу быў распрацаваны шэраг захадаў, якія дазваляюць яго эксплюатаваць у цыкле “запампоўваньне–адбор”. Вядома, для Беларусі яно меншае, чым патрабуецца, але ўзімку вельмі дапамагае. Сховішча — гэта штучна створанае радовішча газу са сваімі выдаткамі. Але ўвогуле, гэта ўсясьветная практыка захоўваньня газу”, — лічыць намесьнік дырэктара «Белтрансгазу» Зьміцер Анюк.

Яшчэ адное сховішча за 40 кілямэтраў ад Берасьця — “Прыбускае” (пасьля жорсткіх сутыкненьняў з эколягамі ўсё ж здадзенае ў эксплюатацыю напрыканцы мінулага году) — мае свае адметнасьці. Акрамя наступстваў тэхнічнага пляну, гэты аб’ект рэальна пагражае водазапесьпячэньню цэлага рэгіёну. Геалягічныя дасьледваньні паказалі, што пад прыродным купалам, на глыбіні больш за тысячу мэтраў, знаходзяцца вялізныя запасы пітное вады.

Улічваючы нечаканае адкрыцьцё, яшчэ напачатку 90-х экспэрты Акадэміі навук раілі праектоўцам адмовіцца ад будаўніцтва ў гэным месцы, бо дзеля распушчэньня лядовых коркаў плянавалася скарыстоўваць сьпірты. З-за дарагоўлі сьпірту этылавага ўжо тады было зразумела, што будзе ўжывацца мэтылавы, г.зн. — атрута.

Першы досьвед, які меў месца напачатку гэтага года, толькі пацьвердзіў апасеньні эколягаў: шкодныя рэагэнты, неабходныя пад час запампоўваньня газу на глыбіню, будуць атручваць падземнае вадасховішча. А менавіта гэтую ваду будзе спажываць цягам часу ледзь ня ўся Берасьцейшчына.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG