Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі маюць намер стварыць адзіны дэмакратычны
рух дзеля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах будучага году. Плянуецца, што
ў гэты рух ўвойдзе шэраг апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і
прафсаюзаў.
Рашэньне наконт распрацоўкі праекту кансалідацыі апазыцыі з мэтаю стварэньня
шырокага руху было прынята сёньня на паседжаньні Каардынацыйнае рады дэмакратычных
сілаў. На думку апазыцыянэраў, аб’яднаўшыся, ім будзе лягчэй выпрацаваць
адзіную стратэгію й тактыку дзеяньняў у часе прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі,
а таксама вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Гаворыць лідэр Аб’яднанае
Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Нашая мэта – каб як мага больш суб’ектаў далучылася да
выбарчай праграмы. Будзе выпрацаваная нейкая супольная праграма, канцэпцыя,
прынцыпы, і тыя структуры і арганізацыі, якія іх падзяляюць, падпішуць
гэты дакумэнт. А на пэрспэктыву думаю, што ўсё ж Каардынацыйная рада дэмакратычных
сілаў застанецца штабам для вырашэньня канкрэтных практычных пытаньняў.
Мы павінны гэтыя пытаньні закрыць увосень бягучага году – стварыць першыя
крокі ў стварэньні новага руху і выпрацаваць працэдуру нашага супольнай
праграмы падчас прэзыдэнцкіх выбараў і працэдуру выхаду на адзінага кандыдата.
Стратэгічная мэта – перамога на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах, і
я лічу, што ў нас для гэтага ёсьць добрыя перадумовы”.
Паведаміў спадар Лябедзька.
Прадстаўнікі Каардынацыйнае рады пагадзіліся з тым, што стварэньне такога
руху насьпела. Не было асаблівых пярэчаньняў нават у лідэра Сацыял-Дэмакратычнае
“Народнае Грамады” Міколы Статкевіча, хаця, на думку спадара Статкевіча,
ёсьць адна праблема, якую трэба абмеркаваць больш дэталёва.
Кіраўнікі партыяў і абяднаньняў, што ўваходзяць ў раду, паведамяць пра
прыняты праект стварэньня руху сябрам сваіх арганізацыяў, а на наступным
паседжаньні будзе прыняты канчатковы дакумэнт. Праўда, сёньня ўжо было
створана некалькі рабочых групаў, сябры якіх будуць рыхтаваць праект пагадненьня
пра аб’яднаньне.
Гарачыя спрэчкі разгарэліся сёньня й вакол прапановы Міколы Статкевіча
не праводзіць акцыі байкоту выбараў у тых акругах, дзе балятуецца ён сам
і ягоныя паплечнікі. Прадстаўнік Сацыял-Дэмакратычнае Грамады пад кіраўніцтвам
Станіслава Шушкевіча спадар Алампіяў нават прапанаваў выключыць Статкевіча
са складу Каардынацыйнай рады дэмсілаў.
Але ўрэшце перамагла памяркоўная пазыцыя — прапанова Міколы Статкевіча
прынятая не была, але й выключаць лідэра “Народнае Грамады” з шэрагаў аб’яднанай
апазыцыі не наважыліся. Анатоль Лябедзька так патлумачыў прычыну таго,
што правядзеньне выбарачнага байкоту немагчымае:
(Лябедзька: ) “Патрэбная нейкая пасьлядоўнасьць дзеяньняў. Калі мы ў
акрузе “А” людзям гаворым, што гэта фарс, падман, што няма рэальнага парлямэнту,
што вас падманваюць, а побач у акрузе “Б” мы што, павінны гаварыць іншае
людзям? Гэта называецца беспрынцыпнасьць”.
Гэта быў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
Сябры Каардынацыйнае рады таксама разгледзелі пытаньні, зьвязаныя з
акцыяй байкоту й падрыхтоўкаю да правядзеньня ў Менску 1 кастрычніка “Маршу
Свабоды”. Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі вырашылі абнародваць усе факты
перасьледу ўладамі грамадзянаў за ўдзел у кампаніі байкоту.
Апазыцыянэры таксама зьбіраюцца накіраваць ліст старшыні тэлерадыёкампаніі
Віктару Чыкіну, які ў часе нядаўніх г.зв. “дэбатаў” шкадаваў, што на тэлевізіі
не прадстаўлены погляд дэмакратычнай апазыцыі. У гэтым лісьце апазыцыя
прапануе Чыкіну выправіць гэтую памылку і даць ім эфір для тлумачэньня
сваёй пазыцыі людзям.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1