У дзяржаўнай прэсе апублікаваны дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі,
якім кіраўнік дзяржавы ўключыў у склад Цэнтральнае выбарчае камісіі прадстаўнікоў
партыяў, што вырашылі браць удзел у парлямэнцкіх выбарах. У сувязі з гэтым
дэкрэтам лідэр ПКБ Сяргей Калякін абвінавачвае ўладу ў фальсыфікацыі.
Падпісаным учора дэкрэтам Аляксандар Лукашэнка пастанавіў увесьці ў
склад Цэнтральнае выбарчае камісіі прадстаўнікоў дзевяцёх партыяў, якія
ўдзельнічаюць у выбарах. Гэтым асобам надаецца права дарадчага голасу,
яны могуць уносіць прапановы, выступаць на паседжаньні й знаёміцца з дакумэнтамі
камісіі, але ня маюць права ўдзельнічаць у галасаваньні й праверках.
У афіцыйным камэнтары да дэкрэту адзначана, што ён зьяўляецца пацьверджаньнем
гатовасьці дзяржаўных ворганаў “да канструктыўнага дыялёгу й супрацоўніцтва
зь міжнароднымі інстытутамі й грамадзка-палітычнымі сіламі Беларусі”.
Высьвятляецца, аднак, што гэтае “супрацоўніцтва” адміністрацыя Лукашэнкі
разглядае вельмі своеасабліва. Гаворыць першы сакратар ПКБ Сяргей Калякін:
(Калякін: ) “Я бачу, што тут літаральна зроблены падлог. У склад Цэнтральнае
выбарчае камісіі ўключаны Бядуля Ўладзімер Лявонцьевіч ад Партыі камуністаў
Беларускай. Я вельмі добра стаўлюся да Бядулі, гэта вельмі заслужаны і
адказны чалавек, але сытуацыя ўся ў тым, што мы Бядулю ад партыі камуністаў
не прапаноўвалі ў Цэнтарвыбаркам. Уключылі прадстаўніка партыі бяз згоды
самое партыі – я такога яшчэ не сустракаў…”
Калякін паведаміў, што партыя вылучыла ў склад камісіі зусім іншую кандыдатуру
— сакратара ЦК Аляксандра Пахлопка. “Відаць, адміністрацыя прэзыдэнта ўзяла
на сябе паўнамоцтвы кіруючага воргана Партыі камуністаў”, — іранізуе Сяргей
Калякін. ПКБ зараз рыхтуе адмысловую заяву з нагоды гэтага падману.
Іншая, драбнейшая, фальсыфікацыя была ўчынена Беларускім нацыянальным
тэлеканалам. Учора адразу пасьля “Панарамы” гледачы маглі пабачыць нібыта
жывы эфір дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін удзельнічаў
у гэтых тэледэбатах…
(Калякін: ) “Я магу сказаць, што гэтую перадачу ледзь пазнаў. Бо яна
ўвогуле страціла ўсялялі сэнс і зьмест. Там былі навырываныя асобныя выступы
асобных лідэраў партыяў, зусім выцягнутыя з кантэксту. Там проста незразумела,
пра што гаварыў чалавек, бо вырываўся літаральна адзін сказ зь ягонае прамовы
ці ягонага меркаваньня”.
Дарэчы, сама дыскусія запісвалася ў панядзелак, 4 верасьня, і доўжылася
звыш 2 гадзінаў. Аднак БТ паказала толькі менш за гадзіну. Вядучы праграмы,
нехта Філіпаў, нязграбна ствараў ілюзію, нібыта ён прымаў у жывы эфір нейкія
тэлефанаваньні грамадзянаў… Гаворыць Сяргей Калякін…
(Калякін: ) “Яны былі загадзя адабраныя, загадзя зрэжысаваныя, і былі
накіраваныя на тое, каб дыскрэдытаваць адных і паспрабаваць у лепшым сьвятле
рэпрэзэнтаваць іншых. У прыватнасьці, намялявалі рэйтынг Камуністычнае
партыі Беларускай, нібыта яны выйшла на першае месца паводле тэлефанаваньняў.
А зь іншага боку, яны спрабавалі прынізіць Партыю камуністаў Беларускую
і нейкім чынам ачарніць кіраўніка партыі Калякіна. Улада імкнулася стварыць
чарговы прапагандысцкі ролік. І гэта, дарэчы, на маю думку, ёй не ўдалося”.
Калякін, аднак, заяўляе, што й надалей будзе браць удзел у падобных
тэлевізійных перадачах. “Разумны ўсё зразумеў, гледзячы гэтую перадачу”,
– заяўляе лідэр партыі камуністаў.
Тым часам былому камуністу, а цяпер беспартыйнаму Валерыю Шчукіну 28-я
акруговая полацкая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў
дэпутаты. Камісія знайшла ажно тры прычына для адмовы. Шчукін заяўляе,
што будзе абскарджаць гэтае рашэньне.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1