Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ лічыць, што прыняцьцё
тэхнічнай канфэрэнцыяй у Вене выніковага дакумэнту пагоршыла палітычную
сытуацыю ў Беларусі. На думку кіраўніцтва партыі, улады ўспрынялі яго як
саступку з боку міжнароднае супольнасьці, а аб’яднаная апазыцыя ўводзіць
у зман грамадзкасьць, сьцьвярджаючы, што прыезд тэхнічнае групы ў Беларусь
не азначае прызнаньня цывілізаваным сьветам вынікаў выбараў. Прэсавую канфэрэнцыю
партыі наведаў Альгерд Невяроўскі…
Сёньня кіраўнікі КХП БНФ правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі
пра выніковыя рашэньні сойму сваёй партыі, што адбыўся ў мінулую суботу.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі прыняў камюніке, у якім сьцьвярджаецца,
што дакумэнт Венскае канфэрэнцыі пагоршыў палітычную сытуцыю ў Беларусі.
На думку кіраўніцтва КХП БНФ, афіцыйны Менск успрыняў гэты дакумэнт як
саступку АБСЭ й дазвол на працяг антыдэмакратычнае палітыкі.
У камюніке гаворыцца, што, часова спыніўшы вонкавыя рэпрэсіі, улады
тым ня менш узмацнілі кантроль спэцслужбаў за палітычнай дзейнасьцю грамадзянаў.
У прыватнасьці, кантралююцца настроі рабочых на прадпрыемствах і студэнтаў
у ВНУ. Масава парушаюцца правы працоўных і прафсаюзаў, няма свабоды мэдыяў.
Сойм КХП БНФ канстатуе, што ў такіх варунках правесьці дэмакратычныя выбары
немагчыма, тым больш, што г.зв. “палата” ня будзе мець аніякае заканадаўчае
самастойнасьці.
Не падабаецца прадстаўнікам Кансэрватыўна-Хрысьціянскага БНФ і непасьлядоўная,
на іхную думку, дзейнасьць аб’яднанай апазыцыі. Маўляў, частка аб’яднаных
апазыцыянэраў бярэ ўдзел у выбарах, а ў той жа час другая частка заклікае
іх байкатаваць.
На думку намесьніка старшыні КХП БНФ Сяргея Папкова, такая дзейнасьць
толькі дэзарганізуе праціўнікаў Лукашэнкі, ды ўводзіць у зман выбаршчыкаў.
Тым больш, што, паводле словаў паплечнікаў Зянона Пазьняка, пытаньні, вынесеныя
аб’яднанай апазыцыяй на г.зв. рэфэрэндум, страцілі сваю актуальнасьць.
(Крыварот: ) “Галоўнае для нас пытаньне – абарона незалежнасьці. Мы
не ўдзельнічаем і заклікаем ня ўдзельнічаць ня толькі ў выбарчых фарсах,
але і ў такім мерапрыемстве, якое называецца рэфэрэндумам”.
Сябры КХП БНФ таксама нэгатыўна ставяцца да ідэі правядзеньня 1 кастрычніка
“Маршу Свабоды” і ня будуць у ім удзельнічаць. Кіраўніцтва партыі лічыць,
што напярэдадні выбараў такі марш прынясе больш шкоды, чым карысьці, і
толькі дасьць падставу ўладам абвінавачваць апазыцыю ў экстрэмізьме.
Партыйны Сойм таксама прыняў рашэньне дамагацца адстаўкі кіраўніка КНГ
АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка. Прадстаўнікі КХП БНФ лічаць, што сп. Вік
наўмысна ўцягнуў частку апазыцыі ва ўдзел у выбарах. Гаворыць намесьнік
старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:
(Папкоў: ) “Паглядзіце, хто пайшоў на выбары. Той, хто зьвязаны альбо
з расейскімі палітычнымі структурамі – Абрамава, розныя славянскія структуры,
Гайдукевіч, Калякін. І тыя, хто зьвязаныя зь нямецкай сацыял-дэмакратыяй.
Статкевіч у першую чаргу, Грушавы, Чыгір, Навасяд… Гэтыя структуры працуюць
у адным ключы. Таму мы будзем настойваць на адстаўцы спадара Віка”.
(Вядучая: ) “Альгерд, што прагучала канструктыўнага на прэсавай канфэрэнцыі.
Пакуль з таго, што мы чулі можна зразумець, што ўсе робяць кепска: тыя,
хто пайшлі на выбары, тыя агітуюць за байкот, місія АБСЭ, эўрапейскія структуры
прынялі кепскае рашэньне. Што Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ прапануе
ў якасьці альтэрнатывы?”
(Невяроўскі: ) “Прадстаўнікі Кансэрватыўна – хрысьціянскай партыі БНФ
будуць рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, яны будуць зьбіраць
подпісы ў абарону незалежнасьці, праводзіць акцыю стварэньня грамадзкага
парляманту. З аднаго боку актывісты КХП крытыкуюць заплянаваны аб’яднанай
апазыцыяй рэфэрэндум, які мусіць стаць этапам для падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх
выбараў, з другога боку гаварылі, што правядзеньне акцыяў для стварэньня
грамадзянскага парляманту – гэта таксама падрыхтоўка да будучай прэзыдэнцкай
кампаніі вызвольнага рух Беларусі”
Гутарыла Алена Радкевіч
Самае папулярнае
1