Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Зноў у цэнтры ўвагі замежнай прэсы аказалася праблема замірэньня паміж палестынцамі і ізраільцянамі. Пасля таго як палестынцы заявілі, што, магчыма, адкладуць абвешчаньне незалежнай Палестыны, аглядальнікі пачалі казаць пра новы шанец для Клінтана замірыць варагуючыя бакі яшчэ да свайго сыходу з пасады прэзыдэнта ЗША…

Хісткімі называе сёньняшняя газэта Christian Science Monitor надзеі на тое, што паміж палестынцамі і ізраільцянамі ў хуткім часе будзе падпісанае мірнае пагадненьне, аднак апошнія заявы кіраўніцтва палестынцаў газ’та вітае.

Згадваецца, што калі нядаўнія перамовы паміж лідэрам Палестынскай аўтаноміі Ясерам Арафатам і ізраільскім прэм’р-міністрам Эхудам Баракам у Вашынгтоне былі спыненыя, палестынскі лідэр заявіў аб плянах да 13-га верасьня абвесьціць Палестыну незалежнай.

Цяпер палестынцы кажуць, што,магчыма, пачакаюць з незалежнасьцю да падпісаньня дамовы . Christian Science Monitor паведамляе, што 129 сябраў Палестынскай рады абмяркоўвалі гэтую праблему ў мінулыя выходныя і падобна на тое, што будзе вырашана працягваць перамовы да сярэдзіны лістападу.

“Час сапраўды прысьпешвае”,- кажа газэта і тлумачыць чаму. Па-першае, трэба пасьпець падпісаць пагадненьне да таго, як Кангрэс ЗША напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў спыніць свае паседжаньні. Калі не пасьпець, то Клінтан ўжо ня зможа прадставіць абяцаную бакам фінансавую дапамогу на забяспячэньне міру.

Другая прычына палягае ў сытуацыі ў Ізраілі. Лідэры апазыцыі ў ізраільскім парлямэнце пагражалі зняць прэм’ера Барака з ягонай пасады , што сапраўды магчыма, паколькі ягоная партыя аказалася ў меншасьці. А ізраільскі парлямэнт зьбярэцца на сваё паседжаньне напрыканцы кастрычніка, згадвае Christian Science Monitor.

Між тым, сытуацыя з ўзнаўленьнем перамоваў даволі складаная. Арафат і ягоныя дарадцы як пра вырашаную справу кажуць пра некалькі тыдняў інтэнсыўных перамоваў, аднак прэсавы сакратар ізраільскага прэм’ера Дэвід Бакер заявіў учора, што ня можа пацьвердзіць гэтыя пляны.

Палестынцы са свайго боку абвінавачваюць кіраўніка ізраільскага ўраду у тым, што ён падаграваў атмасфэру недаверу на перамовах. Прычым і некаторыя ізраільскія камэнтатары лічаць, што Барак прыклаў мала асабістых намаганьняў, каб дамовіцца з Арафатам. Ізраільскае грамадзтва зараз падзялілася на тых, хто патрабуе ад ўраду трымацца за палестынскія землі і грамадзянаў, якія хацелі б замірыцца з арабамі ды жыць ў мірнай краіне, піша Christian Science Monitor

Далей газэта аналізуе, якім можа быць пагадненье, якога так дамагаецца ад Арафата і Барака прэзыдэнт Клінтан. Цытуюцца словы Ясэра Арафата пра тое, што палестынцы ўжо фактычна маюць сваю дзяржаву, бо ідуць да яе правільным шляхам. Аднак некаторыя крытыкі Арафата сярод палістынскіх дзеячоў не падзяляюць такога аптымізму. У прыватнасьці, газэта прыводзіць меркаваньне эканаміста Адэла Самары. На ягоную думку, цяперашнія перамовы рэальнымі, паколькі, як ён мяркуе, Ізраіль вядзе іх з пазыцыі сілы. У лепшым выпадку Палестына павелічыць межы аўтаномію, але не атрымае рэальнай свабоды і незалежнасьці - прыводзіць Christian Science Monitor меркаваньне гэтага палестынскага палітыка, апазыцыйнага Арафату.

Алег Грузьдзіловіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG