Удзельнікі cходу Менскае філіі Беларускага Гэльсынскага камітэту на
працягу пяці гадзінаў абмяркоўвалі канфлікт паміж кіраўніцтвам арганізацыі
й сябрамі рады сталічнага аддзелу БГК. У выніку рашэньне пра недавер старшыні
Камітэту Тацяне Процьцы прынятае не было. Гэтае пытаньне будзе вырашаць
агульны зьезд арганізацыі, які адбудзецца 16 верасьня.
Сход сталічнае філіі Гэьсынскага камітэту быў досыць нэрвовы й скандальны.
Так, на пачатку паседжаньня бакі доўга высьвятлялі, хто зь сябраў БГК мае
права ўдзельнічаць у сходзе, а хто — не. Кіраўніцтва Менскае філіі падала
адзін сьпіс удзельнікаў, а цэнтральны офіс арганізацыі — зусім іншы.
Паводле словаў кіраўніка сталічнай арганізацыі БГК Сьвятланы Мартаўскай,
так здарылася таму, што ў часе перарэгістрацыі ня ўсе прадстаўнікі Камітэту
пацьвердзілі сваё сяброўства. Урэшце, абодва бакі прыйшлі да паразуменьня
і паўнамоцны сьпіс дэлегатаў сходу быў зацьверджаны.
Сябры рады менскае філіі БГК адразу ж паставілі пытаньне пра выказваньне
недаверу старшыні Тацяне Процьцы. На іхную думку, спадарыня Процька ня
можа больш займаць гэтую пасаду, бо актыўна ўцягвае Гэльсынскі камітэт
у палітычную дзейнасьць і зьяўляецца прыхільніцаю ўдзелу сябраў гэтай праваабарончай
арганізацыі ў восеньскіх выбарах. Тацяна Процька і яе паплечнікі, у сваю
чаргу, абвінавацілі прадстаўнікоў рады менскае філіі ў палітычнай ангажаванасьці
й адыходзе ад праваабарончае працы.
Нагадаем, што яшчэ ў чэрвені недавер Тацяне Процьцы выказалі сябры Назіральнае
рады БГК, за яе ўдзел у зарганізаваным уладамі гэтак званым “грамадзка-палітычным
дыялёгу”. Сярод іншых вядомых асобаў там нібыта фігуравала прозьвішча й
Васіля Быкава.
Але, як паведаміла спадарыня Процька, днямі ў яе адбылася тэлефонная
размова са славутым пісьменьнікам і спадар Быкаў сказаў, што недаверу ёй
не выказваў. А сябры рады менскае філіі Камітэту сьцьвярджаюць, што Васіль
Быкаў усё ж быў згодны з пазыцыяй Назіральнае рады…
Спрэчкі вакол недаверу старшыні й выключэньня яе з арганізацыі працягваліся
вельмі доўга, і ўрэшце сход вырашыў перанесьці разгляд гэтых пытаньняў
на Зьезд БГК, які пройдзе 16 верасьня.
Вось што паведаміла нашаму радыё пасьля заканчэньня сходу старшыня менскае
філіі Гэльсынскага камітэту Сьвятлана Мартаўская:
(Мартаўская: ) “Я ня вельмі задаволеная, як прайшоў сам сход. Мы ж не
зьбіраліся навязваць свой пункт гледжаньня на тое, што ў нас адбываецца.
Мы проста пайшлі на адкрытую размову, каб расказаць людзям, чаму ўся гэтая
катавасія вакол Гэльсынскага камітэту ўзьнікла. Мы былі гатовыя знайсьці
нейкую сярэдзіну, паразуменьне. Калі 16 верасьня сябры нашага камітэту
давераць Тацяне і надалей кіраваць нашым камітэтам, то вельмі паважаныя
людзі, якія падпісалі недавер Тацяне, – рада менскага аддзяленьня, прыхільнікі
чыстай праваабароны – тыя людзі сыдуць”.
Гаварыла кіраўніца менскае філіі БГК Сьвятлана Мартаўская.
А вось меркаваньне Тацяны Процькі:
(Процька: ) “Было паказана, што менская арганізацыя не працуе. Там склалася
групка, чалавек 25-28, якая не разумее што хоча. Ёсьць людзі ў менскім
аддзяленьні, і іх, я думаю, большасьць, якія заклапочаныя лёсам бацькаўшчыны
і нашай дзяржавы, праблемай правоў чалавека. І менавіта думка гэтых людзей
перамагла”.
Вы чулі меркаваньне адносна вынікаў паседжаньня менскае філіі старшыні
Гэльсынскага камітэту Тацяны Процькі.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1