У цэнтры адразу двух міжнародных скандалаў, зьвязаных
з паведамленьнямi агенцыi Интерфакс, апынуўся сёньня Аляксандар Лукашэнка.
Беларускаму мiнiстэрству замежных справаў на традыцыйным брыфiнгу давялося
абвяргаць інфармацыю пра перамовы Лукашэнкі на высокiм узроўнi ў Рэйк’явiку
й датэрмiновы адлёт зь Нью-Ёрку.
Яшчэ 2 верасьня “Интерфакс-Запад” паведамiў з Рэйк’явiку, што на шляху
на Кубу “Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў комплекс пытаньняў, зьвязаных
зь беларуска-iсьляндзкiмi стасункамi, у ходзе перамоваў зь вiцэ-прэм’ерам
ураду Iсьляндыi Гатлдорам Аўсгрымсанам”. Аднак сёньня стала вядома, што
адказны супрацоўнiк iсьляндзкага мiнiстэрства замежных справаў амбасадар
Гунар Гунарсан зрабiў пiсьмовую заяву, дзе пра беларускага кiраўнiка сьцьвярджаецца,
цытую: “Ён ня меў сустрэчы зь мiнiстрам замежных справаў спадаром Гальдорам
Асгрымсанам. Яго сустракалi ў аэрапорце Кэфлявiк чыноўнiкi мiнiстэрства
замежных справаў. Ягоны прыпынак заняў прыблiзна паўтары гадзiны”.
Сёньня прэсаваму сакратару беларускага МЗС Паўлу Латушку давялося абвергнуць
паведамленьне блiзкай да Лукашэнкi агэнцыi “Интерфакс-Запад” i пацьвердзiць
заяву iсьляндзкiх калегаў.
(Латушка: ) «Я магу пацьвердзiць, што была заплянаваная тэхнiчная пасадка
самалёта прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь, калi ён кiраваўся на Кубу. У часе
гэтае тэхнiчнае пасадкi прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь сустракалi часовы
павераны ў справах Расейскае Фэдэрацыi ў Iсьляндыi, надзвычайны й паўнамоцны
пасол у Вялiкай Брытанii спадар Садоха, а таксама прадстаўнiк мiнiстэрства
замежных справаў Iсьляндыi.
Я магу пацьвердзiць, што у часе гэтае сустрэчы былi абмеркаваныя пытаньнi
двухбаковага супрацоўнiцтва», — сказаў спадар Латушка.
Ён дадаў, што не пацьвярджае iнтэрфаксаўскую iнфармацыю пра перамовы
Лукашэнкi зь вiцэ-прэм’ерам Iсьляндыi. Такiм чынам, абмеркаваньне двухбаковых
стасункаў у Кэфлявiку (гэта аэрапорт Рэйк'явiку) адбывалася прыкладна на
такiм жа ўзроўнi, калi б iсьляндзкi прэзыдэнт, прызямлiўшыся ненадоўга
ў аэрапорце “Менск-2”, правёў перамовы, скажам, толькi з Паўлам Латушкам.
Прэсаваму сакратару МЗС Беларусi на просьбу менскае карэспандэнткi ИТАР-ТАСС
прыйшлося абвергнуць i сьвежае, датаванае 4:49 сёньняшняе начы паведамленьне
агэнцыі Интерфакс зь Нью-Ёрку, адкуль Лукашэнка нiбыта зьехаў датэрмiнова,
пратэстуючы супраць таго, што яго не запрасiлi на банкет для кiраўнiкоў
дзяржаваў.
(Латушка: ) «Насуперак паведамленьням шэрагу iнфармацыйных агэнцыяў,
iнфармацыя пра тое, што прэзыдэнт Рэспублiкi Беларусь быў вымушаны пакiнуць
«Самiт Тысячагодзьдзя» ды Злучаныя Штаты Амэрыкi заўчасна, i гэта зьяўлялася
быццам бы дэмаршам, цалкам не адпавядае рэчаiснасьцi i ёсьць недакладнай».
Павал Латушка нагадаў, што Лукашэнка выканаў усю праграму на самiце
— правёў сустрэчы з кiраўнiкамi дэлегацыяў Алжыру, Бангладэш, Турцыi ды
Iрану, узяў удзел у лянчы ад iмя генэральнага сакратара ААН, выступiў з
трыбуны i даў прэсавую канфэрэнцыю.
Да таго ж, яшчэ напярэдаднi самiту было абвешчана, што Лукашэнка будзе
на iм толькi 6 верасьня. А на сёньня на 15-ю гадзiну была заплянаваная
ягоная сустрэча ў Менску з кiраўнiком кiтайскага парлямэнту Лi Пэнам.
Прэсавы сакратар беларускага МЗС паiнфармаваў журналiстаў, што пасьля
перамоваў Лукашэнкi з Кастра на Кубе i менскiх вiзытаў iранцаў ды кiтайцаў
у Беларусь прыедуць прэм’ер-мiнiстар Сацыялiстычнае Рэспублiкi Вiетнам
(14 верасьня) i прэзыдэнт Рэспублiкi Калмыкiя (19 верасьня).
Юры Сьвiрко, Менск
Самае папулярнае
1