Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Лідэры Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў зьвярнуліся сёньня да кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадара Віка з просьбаю, каб міжнародная супольнасьць адпаведным чынам адрэагавала на кампанію хлусьні, якая вядзецца ў дзяржаўных мас-мэдыях з нагоды вынікаў тэхнічнае канфэрэнцыі ў Вене.

Удзельнікі сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў адразу зьвярнулі ўвагу Ганса-Георга Віка на надзвычай вольную ацэнку вынікаў Венскае тэхнічнае канфэрэнцыі з боку афіцыйных уладаў Беларусі. У прыватнасьці, першы намесьнік міністра замежных справаў Сяргей Мартынаў заявіў Беларускай тэлевізіі, што міжнародныя назіральнікі будуць прысутнічаць на выбарах у “Палату прадстаўнікоў”. А прадстаўнік Беларусі ў СНД Зьміцер Булахаў сьцьвярджаў, нібыта 10 з 11 пунктаў Венскага дакумэнту сьведчаць на карысьць афіцыйных уладаў. І такіх прыкладаў падману, скажэньня сапраўднае пазыцыі міжнародных структураў шмат.

Лідэры партыяў прывялі таксама шмат фактаў ціску на іхныя структуры. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Факты сьведчаць аб тым, што ўлада ставіла за мэту да канфэрэнцыі не паказваць сваё аблічча. Зараз у іх наступіў такі пэрыяд, што тыя праблемы, тыя пытаньні, якія, здаецца, ужо адышлі ў мінулае, зараз рэанімуюцца. Канкрэтны прыклад – Крычаў. Месяц назад адбылася мая сустрэча з насельніцтвам Крычава. Раптам 5 верасьня прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і склалі пратакол за падзею, якая адбылася месяц назад. Другі прыклад – чатыры папярэджаньні ў адносінах да Грамадзянскай партыі. Зноў жа пасьля таго, як прайшла канфэрэнцыя. І трэці прыклад датычыцца нашага актывіста, які быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў Менску і асуджаны судом па артыкуле “Агітацыя супраць выбараў” за байкот. Хаця намесьнік мністра замежных справаў спадар Мартынаў запэўніў удзельнікаў тэхнічнай канфэрэнцыі ў Вене, што тут гэтае пытаньне зьнятае з парадку дня, яго наогул не існуе”.

Гэта быў лідэр Аб’яднанае Грамадзянскае партыі спадар Лябедзька.

Сваю думку выказаў і Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы ўжо сабралі мноства фактаў перасьледу альбо пагрозаў на адрас людзей, якія праводзяць альбо зьбіраюцца займацца кампаніяй актыўнага байкоту выбараў. Факт забароны, прычым, на пачатку учыненай у хамскай форме, ладжаньня Дня беларускай вайсковай славы – таксама ёсьць вельмі яскравая ілюстрацыя сапраўднага зьместу пэрыяду замірэньня ў часе лукашэнкаўскай выбарчай кампаніі. Ня толькі нічога не зьмянілася, але, мне здаецца, сытуацыя будзе толькі пагаршацца. У прыватнасьці, у стасунку да Фронту”.

Гэта быў лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Іншыя выступоўцы, у прыватнасьці Аляксей Кароль, Віктар Алампіяў, Алег Багуцкі, засяродзілі ўвагу амбасадара Віка на тым, што такія дзеяньні афіцыйных уладаў Беларусі ствараюць у грамадзтве ілюзію таго, што міжнародная супольнасьць адмовілася ад сваіх чатырох умоваў прызнаньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі дэмакратычнымі. На думку выступоўцаў, міжнародныя структуры павінны апэратыўна адрэагаваць на гэтыя факты.

Ганс-Георг Вік запэўніў прысутных, што КНГ АБСЭ фіксуе ўсе скаргі і апэратыўна накіроўвае іх на рэагаваньне ў Цэнтарвыбаркам і Міністэрства замежных справаў. Амбасадар паведаміў, што сёньня ўраніцу асабіста размаўляў з адказнымі супрацоўнікамі МЗСу наконт лёсу маладога актывіста АГП Кадукова. Спадар Вік таксама паведаміў, што ў блізкім часе напіша артыкул, прысьвечаны Венскай канфэрэнцыі, і перадасьць яго ў рэдакцыі газэтаў, а таксама папросіць магчымасьці даць уласны камэнтар наконт Венскае канфэрэнцыі ў праграме Беларускае тэлевізіі.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG