Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Улада працягвае выкарыстоўваць адміністрацыйныя мэтоды ў тым, каб напярэдадні выбараў вырашыць сытуацыю з заробкамі. Сёньня было абвешчана пра тое, что створаная камісія, якая будзе спраўджваць своечасовасьць выплаты заробкаў.

Камісію ўзначаліў кіраўнік камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоль Тозік. У камісію таксама ўвайшлі кіраўнік справамі Лукашэнкі Ўладзімер Ганчарэнка, прадстаўнікі КГБ й падатковай інспэкцыі. Цікава, што камісія можа рабіць свае праверкі ня толькі ў дзяржаўных установах, але і ў прадпрыемствах усіх формаў уласнасьці.

У распараджэньні, якое было падпісанае Лукашэнкам, сказана, што тыя чыноўнікі й кіраўнікі прадпрыемстваў, якія паспрабуюць увесьці камісію ў зман, могуць несьці нават крымінальную адказнасьць. У інтэрвію, якое было распаўсюджанае агэнцыяй БелТА, Анатоль Тозік паабяцаў, што да 5 верасьня будуць правераныя ўсе прадпрыемствы.

Трэба зазначыць, што даўгі час Аляксандар Лукашэнка нібыта не заўважаў, што існуюць праблемы са своечасовай выплатаю заробкаў. Але калі стаў набліжацца час парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка раптам высьветліў для сябе, што праблема з заробкамі існуе. Распачатая ў жніўні барацьба з затрымкамі заробкаў — ня больш як папулісцкая акцыя, распачатая напярэдадні выбараў. Скончыцца гэтая кампанія, хутчэй за ўсё не раней за прэзыдэнцкія выбары.

Патрабаваньне разьлічыцца ў заробках таксама было выказанае з разьлікам на публіку. Лукашэнка паабяцаў, што калі кіраўніцтва краіны не разьлічыцца ў заробках, дык і прадстаўнікі ўраду, і банкіры, і нават сам Лукашэнка застануцца без заробку. Сёньня ва ўрадзе мне паведамілі, што ў прэм’ера пакуль заробак не адбіралі. Прадстаўнікі ўраду лічаць, што гэтая фраза наогул была сказаная з разьлікам на тое, што кіраўніцтва краіны разьлічыцца ў заробках.

Сапраўды, на сёньня запазычанасьць засталася невялікая. Калі, паводле дадзеных на пачатак жніўня, яна складала каля 20 мільярдаў рублёў, дык сёньня, паводле дадзеных прафсаюзаў, яна меншая за 1 мільярд. Разьлічыцца ў заробках было нібыта нескладана — банкі былі вымушаныя прадаставіць ураду крэдыт на гэтыя мэты. Праўда, гэтая мэта для эканомікі не зьяўляецца здароваю, таму што гэтыя грошы банкам спатрэбілася дзесьці ўзяць. Дарэчы, аднім з вынікаў такога крэдытаваньня было чарговае падзеньне курсу беларускага рубля.

Сытуацыю з кампаніяй уладаў у выплаце заробкаў пракамэнтавала лідэрка беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Марыя Аліева. Яна таксама лічыць, што такая актыўнасьць зьвязаная з выбарамі.

Марыя Аліева распавяла:

(Аліева: ) “Пасьля выбараў я думаю, што ўсё заціхне, бо грошай няма”.

Гэта была Марыя Аліева

Ганна Навумовіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG