Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
партыі БНФ правесьці шэсьце й жалобную паніхіду ў Лошыцкім Яры з мэтаю
памінаньня ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Акцыя прымеркаваная да Дня памяці
«Дзяды».
Шэсьце распачнецца а палове на першую дня ад Дому культуры камвольнага
камбінату. А 13-й гадзіне ў сядзібным парку “Лошыца” пройдзе жалобная паніхіда.
Арганізатары спадзяюцца на ўдзел у памінаньні бязьвінна загіблых людзей
да пяцісот чалавек.
Прэсавы сакратар КХП БНФ Валеры Буйвал распавядае, як будзе абдывацца
акцыя:
(Буйвал: ) «Людзі прыйдуць са сьвечкамі, са сваімі ўспамінамі, болем,
памяцьцю. Прадстаўнікі Сьвіслацкай Рады КХП не плянуюць ставіць гэтае мерапрыемства
ў нейкія жорсткія рамкі, ствараць сцэнар. Пройдзе маўклівае шэсьце, людзі
прыйдуць да крыжа ў Лошыцкім Яры, будуць маліцца. Будзе некалькі кароткіх
выступаў. Людзей будзе аб'ядноўваць памяць пра нашых дзядоў, пра ахвяраў
нашага народу.»
Лошыцкі Яр — адна з соцень беларускіх мясьцінаў, дзе напрыканцы трыццатых
— пачатку саракавых гадоў адбываліся масавыя расстрэлы тых, каго камуністычная
ўлада залічвала ў «ворагі народу».
(Буйвал: ) «Адметнасьцю гэтага месца пакутніцтва ёсьць тое, што ў Лошыцкім
парку – у Белай Дачы, дзе цяпер месьціцца філія Нацыянальнага мастацкага
музэю – тады месьціўся спэцыяльны аддзел НКВД, што займаўся перабежчыкамі
з Заходняй Беларусі. Гэтыя няшчасныя людзі пераходзілі праз мяжу ў Савецкі
Саюз, спадзеючыся знайсьці тут шчасьлівае жыцьцё і паратунак, і ўсе яны
траплялі ў лапы НКВД. На канвеер сьмерці.»
Савецкія ўлады Беларусі ў свой час зрабілі шмат, каб зьнішчыць сьведчаньні
й памяць пра злачынствы супрацоўнікаў НКВД. Так, амаль адразу ж, калі стала
вядома пра злачынствы чырвонага рэжыму ў Лошыцкім парку, на мейсцы масавых
расстрэлаў і пахаваньняў збудавалі аўтамабільную стаянку.
Тым ня менш, памяць пра падзеі часу сталінскіх рэпрэсіяў захавалася.
Сьведчаньнем гэтага — штогадовыя жалобныя акцыі ў Курапатах і Лошыцкім
Яры.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1