Яшчэ адзін рэпартаж Юрыя Сьвірко. Ён заўважыў вакол удзельнікаў шэсьця
шмат “нежурналісцкіх” відэакамэраў…
(Караткевіч: ) “У нас на сувязі ізноў наш карэспандэнт Юры Сьвірко,
працягваецца шэсьце. Што адбываецца цяпер? Ці прысутнічаюць замежныя назіральнікі?
(Сьвірко: ) “Журналісты заўважылі тут назіральнікаў ад групы АБСЭ ў
Беларусі: Бэату Разуміловіч і Эндру Карпэнтэра, якія назіралі за шэсьцем
ад самага пачатку. Адная адметнасьць: вельмі шмат, так бы мовіць, нежурналісцкіх
тэлекамэраў сочыць за шэсьцем – не журналісцкіх, але прафэсійных…
Хвост калёны цяпер мінае навабудоўлю, на бэтонным плоце якой ёсьць надпіс
па-расейску пра тое, што дэпартамэнт зьнешніх сувязяў беларускай праваслаўнай
Царквы будуе тут храм-помнік у гонар усіх сьвятых ды памяці бязьвінна забітых.
Я хачу даць слова Маі Кляшторнай, бацька якой Тодар Кляшторны быў закатаваны
ў Курапатах.
(Караткевіч: ) “Спадарыня Мая, чаму, на вашую думку, беларускае грамадзтва
не дасьпела да таго, каб Курапаты сталі месцам нацыянальнай памяці і нацыянальнай
сьвятыні?”
(Кляшторная: ) “Я думаю, гэта не зусім так – і сьведчаньне таму сёньняшняя
вялікая грамада людзей. Не ўсьвядомілі тыя, хто пры ўладзе стаяць, а грамадзтва
ўсьвядоміла, і людзі ад аднаго слова “Курапаты” і таго, што зь ім зьвязана,
моўчкі схіляюць галовы – наколькі я сустракала людзей.
Я думаю, улада ведае, што было. Але калі напрамак кіраваньня краінай
застаўся той жа – то і трымаюць падзеі ў таямніцы, каб трымаць людзей у
падпарадкаваньні. Спакойней жыць у бяспамяцтве…”
(Караткевіч: ) “А ці можаце вы ўзгадаць тыя страшныя часіны, калі быў
рэпрэсаваны ваш бацька?”
(Кляшторная: ) “Той час, я лічу, мала чым адрозьніваўся ад сёньняшняга
– калі вакол былі рэпрэсіі, а іншых да часу не чапалі, і яны рабілі выгляд,
шо нічога не адбываецца. Зараз тое ж самае. Грамада з крыжамі рушыць па
вуліцах на Курапаты, а нехта адседжваецца, баіцца.
Той час быў жахлівым: тады нельга было зьбірацца людзям, як узгадваюць
бацькавыя сябры, больш за трох. Мой бацька быў чалавек лагодны, добры,
у яго на кватэры заўсёды зьбіраліся людзі, і гэтыя ўсе прозьвішчы ў бацькавай
справе таксама ёсьць. Амаль усе яны былі растраляныя. Жахлівы быў час.
А зараз, калі 25 сакавіка мяне схапілі, я ж толькі назірала, што робіцца
на пляцы Якуба Коласа – туды нельга было й падыйсьці. Але ж пасадзілі ў
клетку, абшуквалі, выцягнулі ўсе шпількі з валасоў, распатлалі валасы…
І я зразумела, што тыя часы яшчэ з намі. Было, як некалі на тэрыторыі турмы,
дзе мы з мамаю былі: калі яна рвалася да дзіцяці, а яе адцягвалі за даўгія
валасы, іх нельга было нават прыбраць… Так і сёньня – адзін крок…”
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1