Міністэрства замежных справаў Беларусі рыхтуецца да другога туру выбараў.
На сёньняшнім брыфінгу Павал Латушка распавёў, як ягонае міністэрства
рыхтуецца да другога туру выбараў у “палату прадстаўнікоў”. Беларускія
грамадзяне, якія стала жывуць за мяжою, былі падзеленыя паміж дзьвюма сталічнымі
выбарчымі акругамі. У адной зь іх, Коласаўскай, дзе балятаваўся лідэр партыі
камуністаў Сяргей Калякін, выбары не адбыліся, таму ў палове дыпляматычных
установаў Беларусі за мяжою другога туру галасаваньня ня будзе. Але ў другой
палове выбары працягваюцца, сказаў спадар Латушка:
(Латушка: ) “На 22 участках для галасаваньня, што створаныя за межамі
Рэспублікі Беларусь і прыпісаныя да Купалаўскай выбарчай акругі №95, 29
кастрычніка бягучага году адбудзецца другі тур галасаваньня ў выбарах дэпутатаў
у “палату прадстаўнікоў” Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Галасаваньне
адбудзецца на выбарчых участках у наступных краінах: Аўстрыя, Баўгарыя,
Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Эгіпет, Ізраіль, Іран, Італія, Казахстан,
Куба, Кітай, Манголія, Малдова, Нідэрлянды, Сырыя, Турцыя, Узбэкістан,
Швэйцарыя, Югаславія і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка”.
Павал Латушка адказаў і на пытаньне пра міжнародных назіральнікаў —
ці будуць яны на другім туры 29 кастрычніка? Паводле ягоных словаў, рашэньне
пра назіраньне яны будуць прымаць самастойна, але, — працягваў спадар Латушка,
— звычайна колькасьць назіральнікаў за першым турам выбараў значна большае
ў параўнаньні з другім. Усе замежныя назіральнікі зарэгістраваныя Цэнтральнай
выбарчай камісіяй да 10 лістапада й маюць права прыехаць.
Пакуль МЗС мае інфармацыю, што на другі тур прыедуць 3 парлямэнтары
з Украіны, а таксама віцэ-прэзыдэнт парляманцкай асамблеі чарнаморскага
эканамічнага супрацоўніцтва Аляксандар Чарадзееў ды ў прыватным парадку
грамадзянін ЗША Томас Ўільям.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1