Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Югаславія стала правамоцным сябрам Пакту аб стабільнасьці ў Паўднёва-Усходняй Эўропе – праграмы, якая фінансуецца Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам. Рашэньне аб прыёме Югаславіі было прынятае ў сувязі з абраньнем новага прэзыдэнта краіны.

Абвяшчаючы сёньня ў Бухарэсьце пра далучэньне Югаславіі да Пакту, кіраўнік Пакту для Паўднёва-Усходняй Эўропы спадар Бодо Хомбах адзначыў, што тым самым “міжнародная супольнасьць працягвае руку Югаславіі”.

Пакт стабільнасьці быў створаны Эўразьвязам у чэрвені 1999 году і праз два месяцы фармальна зацьверджаны на сустрэчы ў Сараеве, на якой прысутнічалі Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан ды іншыя сусьветныя лідэры. Мэта Пакту – забясьпечыць эканамічную і фінансавую падтрымку краінам Паўднёва-Усходняй Эўропы і спрыяць усталяваньню дэмакратыі ў тых краінах, дзе яна мае слабыя традыцыі.

Хаця летась Югаславія і не была дапушчаная да ўдзелу ў канфэрэнцыі, але ЗША ды іншыя краіны, якія фінансуюць праграму, ўжо тады заявілі, што Бялград будзе ўдзельнікам Пакту, як толькі ў краіне ўсталюецца дэмакратыя.

Сёньняшняя падзея будзе мець для Югаславіі абсалютна канкрэтны вынік. Бодо Хомбах пацьвердзіў выдзяленьне Югаславіі 200 мільёнаў эўра (гэта прыблізна 175 мільёнаў даляраў) для закупу мэдыкамэнтаў, харчаваньня і энерганосьбітаў, асабліва неабходных краіне ў зімовы пэрыяд. Ён таксама паведаміў, што ў лістападзе прадстаўнікі Пакту наведаюць Бялград.

Прадстаўнік Югаславіі Горан Свіланавіч заявіў, што за свой ўдзел у Пакце Югаславія была вымушаная заплаціць чалавечымі жыцьцямі і цяжкім эканамічным становішчам. “Мы імкнемся нармалізаваць адносіны як на палітычным, гэтак і на эканамічным ўзроўні, – цытуе агенцтва Associated Press словы Свіланавіча. – Мы будзем імкнуцца дасягнуць высокіх стандартаў Пакту стабільнасьці”.

Прадстаўнік Югаславіі адзначыў таксама, што ягоная краіна імкнецца ўсталяваць цеснае супрацоўніцтва з ААН, Міжнародным Валютным Фондам і Ўсясьветным банкам, якое раней было немагчыма дзякуючы палітыцы Слабадана Мілошавіча.

Пад час паседжаньня ўдзельнікаў Пакту ў Бухарэсьце міністар замежных справаў Румыніі Пётра Роман ў сваім выступе прывітаў дэмакратычныя зьмены ў Югаславіі: “Мы разглядаем вас як дэмакратычную частку дэмакратычнай Эўропы”, – сказаў румынскі міністар.

Тым часам, у самой Югаславіі ў цэнтры ўвагі грамадзтва – фармаваньне пераходнага ўраду, які будзе кіраваць краінай да прызначаных на 23 сьнежня парлямэнцкіх выбараў. Урад гэты, паводле дамоўленасьці, складаецца з прадстаўнікоў як партыі Мілошавіча, гэтак і прыхільнікаў Каштуніцы.

Як паведамляе сёньня агэнцтва France Press мяркуецца, што колькасьць міністэрстваў будзе скарочаная з цяперашніх 30-ці да чатырнаццаці, пры гэтым дэмакраты будуць кантраляваць міністэрства замежных справаў і ўнутраных справаў.

Складанасьць ў тым, што Чарнагорыя ня мае намеру далучацца да фармаваньня новага ўраду, як вынікае з апошніх заяваў Прэзыдэнта Міло Джуканавіча. Жыхары гэтай рэспублікі практычна ня ўдзельнічалі ў галасаваньні на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах; назіральнікі адзначаюць ўзмацненьне тэндэнцыяў на аддзяленьне Чарнагорыі ад Бялграду, нягледзячы на перамогу там дэмакратыі.

Апынуўшыся перад такой пагрозай, якая, фактычна, можа скасоўваць Югаславію як краіну і стварыць дзьве самастойныя краіны – Сэрбію і Чарнагорыі, Ваіслаў Каштуніца, тым ня менш, выявіў адсутнасьць імпэрскіх амбіцыяў. Што пацьвярджае і ягоная цяперашняя заява перад заўтрашнім візытам у Маскву: ён заявіў, што ня бачыць сэнсу ў далучэньні Югаславіі да Расеі і Беларусі.

Сяргей Навумчык, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG