У Лунiнецкiм раёне напярэдаднi другога туру галасаваньня
працягваецца цiск ня толькi на аднаго з кандыдатаў — незалежную журналiстку
Марыю Юрко — але й на мясцовых выбаршчыкаў. Вяскоўцам пагражаюць пазбавiць
сяльгастэхнiкi, калi яны ў нядзелю ня зробяць свой выбар на карысьць вылучэнца
ад «вэртыкалi».
Другi тур выбараў у гэтак званую «Палату прадстаўнiкоў» адбудзецца ў
шасьцi акругах, што створаны на тэрыторыi Берасьцейскае вобласьцi. Але
магчымасьцяў для сапраўднага выбару ў тых, хто зьбiраецца прыйсьцi на ўчасткi
для галасаваньня, ня будзе. У большасьцi названых акругаў у другi тур выйшлi
чыноўнiкi мясцовага i абласнога узроўню або кандыдаты, якiх адкрыта падтрымлiвае
«вэртыкаль». Таму прадстаўнiкi Беларускага Гэльсынскага камiтэту ды iншых
грамадзкiх арганiзацыяў вырашылi адмовiцца ад назiраньня за галасаваньнем
у блiжэйшую нядзелю, бо ня бачаць у гэтым сэнсу.
Адзiнай акругаю на Берасьцейшчыне, дзе будуць прысутнiчаць незалежныя
назiральнiкi, пазначаная Лунiнецкая выбарчая акруга №12. Тут у другi тур
галасаваньня выйшлi дэпутат цяперашняе «Палаты прадстаўнiкоў» Васiль Гаргун
i ўласны карэспандэнт газэты «Брестский курьер» у палескім рэгiёне Марыя
Юрко. Пасьля таго, як журналiст незалежнага выданьня апярэдзiла ў гэтай
акрузе старшыню Лунiнецкага раённага выканкаму Аляксандра Воўчыка, мясцовыя
ўлады не хаваюць свайго раздражненьня. Ад кiраўнiцтва вобласьцi атрыманы
загад зноў зрабiць дэпутатам Васiля Гаргуна, бо ў iншым выпадку шмат хто
ў Лунiнецкiм раёне пазбавiцца сваiх пасадаў.
Паводле словаў давераных асобаў Марыi Юрко, пад час першага туру галасаваньня
былi зафiксаваны шматлiкiя факты парушэньня заканадаўства (ў тым лiку й
на выбарчых участках пад час падлiку галасоў). Брудная кампанiя супраць
незалежнага кандыдата працягваецца й зараз: жанчыне адмаўляюць у магчымасьцi
сустрэцца зь выбаршчыкамi ў працоўных калектывах, распаўсюджваюць пра яе
па акрузе хлусьлiвыя зьвесткi…
Але саму спадарыню Юрко абурае нават ня гэта. Зь вёсак Лунiнецкага раёну
прыходзiць iнфармацыя пра тое, што йдзе запужваньне сельскiх жыхароў: магчымасьць
скарыстацца калгаснымi коньмi, сяльгастэхнiкаю ды iншымi прыладамi для
ўборкi ўраджаю на прысядзiбных участках ставiцца ў непасрэдную залежнасьць
ад таго, цi зробяць вяскоўцы, так бы мовiць, «правiльны выбар». Марыя Юрко
не выключае, што непасрэдна перад другiм турам галасаваньня ўлады выкарыстаюць
i iншыя захады, каб правесьцi ў «палату» свайго кандыдата.
Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць
Самае папулярнае
1