Учора ўвечары менская міліцыя затрымала сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае
партыі БНФ Галіну Дзягілеву, Алену Ждановіч і Ўладзімера Юхо. Усе яны некалькі
гадзінаў правялі ў апорных пунктах раённых аддзелаў міліцыі.
“Падазронасьць” Галіны Дзягілевай і Алены Ждановіч міліцыянты матывавалі
найперш тым, што жанчыны размаўлялі між сабою па-беларуску. Вобшук быў
праведзены наўпрост на месцы, у выніку чаго ў рукі праваахоўнікаў трапіла,
так бы мовіць, бясспрэчная “крамола” — зварот Зянона Пазьняка да беларусаў.
Спадарожна жанчыны былі абвінавачваныя ў тым, што нібыта распаўсюджвалі
ўлёткі пра сьвяткаваньне Дзядоў: зь дзясятак такіх ўлётак міліцыянты яшчэ
раней павыцягвалі з паштовых скрыняў. Адмовіўшыся паказаць дакумэнты, міліцыянты
пацягнулі жанчын у пастарунак на вуліцы Алібегава, дзе былі складзеныя
рапарт і пратакол.
Пазьней спадарыні Дзягілева й Ждановіч даведаліся, хто менавіта правёў
апэрацыю затрыманьня: гэта зусім маладыя лейтэнанты Шут і Раўнейка.
Прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Валеры Буйвал
лічыць, што антыбеларускія выпады бяруць пачатак ня зараз, а з даволі глыбокай
даўніны…
(Буйвал: ) “Гэтую тэндэнцыю мы назіраем ужо даўно, з 1795 году, мы і
нашыя продкі. Проста час ад часу назіраюцца абвастрэньні гэтай тэндэнцыі,
гэтай акупанцкай хваробы. Калі людзей, асабліва ў вечаровы час, затрымліваюць,
арыштоўваюць, зьдзекуюцца над імі, караюць за тое, што яны размаўляюць
на беларускай мове. Такое ўяўленьне ў ахоўнікаў правапарадку ў нашай краіне,
што калі чалавек размаўляе па-беларуску, значыць ён належыць да апазыцыі.
Ну і трэба сказаць, яны часта не памыляюцца. Толькі ў гэтым выпадку жанчыны
якраз сваю партыйную працу не рабілі, улёткі не распаўсюджвалі, але ўсё
роўна сталіся вінаватымі”
(Карэспандэнт: ) “Спадар Буйвал, ці можна меркаваць, што, калі б у Галіны
Дзягілевай міліцыянты не знайшлі зварот Зянона Пазьняка, дык жанчын не
затрымалі б?”
(Буйвал: ) “Няма сэнсу тэарэтызаваць на гэты конт – лепш камэнтаваць
тое, што адбылося. Адбыўся грубы напад на жанчынаў, абсалютна беспадстаўны.
Маладымі дзецюкамі ў міліцэйскіх пагонах без прад’яўленьня дакумэнтаў была
ўжытая грубая і абсалютна беспадстаўная сіла. Галіну Дзягілеву валаклі
па кустах, па ходніку, прывезьлі ў пастарунак і там груба заштурхнулі ў
клетку. Усё гэта сьведчыць пра проста зьверскія адносіны да людзей – абсалютна
беспадстаўнае ўжыцьцё грубай сілы”.
Гэта быў прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Валеры
Буйвал.
Што тычыцца Ўладзімера Юхо, дык ён быў затрыманы міліцэйскім патрулём
а палове на дзясятую гадзіну ўчорашняга вечару. Камандаваў апэрацыяй сяржант
Жукоўскі. У апорным пункце на вуліцы Кальцова на спадара Юхо таксама склалі
рапарт і пратакол.
Пасьля таго, як Юхо даставілі ў РАУС Савецкага раёну, дзяжурны афіцэр
прапанаваў сябру Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі адвезьці таго ў Курапаты
хоць зараз, каб той загадзя распачаў падрыхтоўчыя працы да сьвяткаваньня
Дзядоў. Спэцыфічныя жарты беларускіх праваахоўнікаў робяцца ўсё больш цынічнымі.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1