Сэрбскі парлямэнт у аўторак ухваліў фармаваньне пераходнага ўраду. Прэзыдэнт
Югаславіі Ваіслаў Каштуніца ў інтэрвію амэрыканскай тэлекампаніі CBS прызнаў
вінаватасьць югаслаўскіх ўзброеных сілаў і паліцыі ў шматлікіх забойствах
у Косаве ў мінулым годзе.
Каштуніца падкрэсьліў, што пад час канфлікту забівалі й сэрбаў. Сёньня
на саміце балканскіх краінаў у Скоп’е – сталіцы Македоніі – Каштуніца заявіў
іншым лідэрам, што ягоная краіна адкрыла новую старонку гісторыі пасьля
дзесяцігодзьдзя этнічных канфліктаў…
Старшыня міжнароднага Пакту стабільнасьці на Балканах Бода Гомбах паведаміў
пад час саміту, што Югаславія магла б стаць паўнацэнным членам Пакту стабільнасьці
ўжо нават заўтра, пад час сустрэчы ў Бухарэсьце. Гомбах таксама заявіў,
што Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе гатовая прыняць Югаславію
ў якасьці члена ўжо пры канцы наступнага месяца.
У балканцкім саміце, на які прыехаў Ваіслаў Каштуніца, бяруць удзел
лідэры і прадстаўнікі Альбаніі, Баўгарыі, Грэцыі, Македоніі, Румыніі, Турэччыны,
Босьні і Харватыі, а таксама старшыня камітэту міжнародных дачыненьняў
Эўрапейскага Зьвязу Гаўер Саляна.
Адразу пасьля прыезду Ваіслаў Каштуніца заявіў, што распачынаецца новая
эра дачыненьняў Белграду з балканскімі суседзямі. Югаслаўскі прэзыдэнт
таксама заклікаў да цярплівасьці на той час, як ён будзе рэфармаваць краіну.
Зьвяртаючыся да балканскіх лідэраў, Каштуніца сказаў, што Балканы патрабуюць
дапамогі Эўропы і сьвету, але мусяць намагацца вырашаць праблемы ўласнымі
сіламі.
Каштуніца заявіў пра ягоныя прыярытэты – эканамічная адбудова, перагляд
дачыненьняў з Чарнагорыяй і поўная стабілізацыя ў Косаве ў адпаведнасьці
з рэзалюцыяй 1244 Рады Бясьпекі ААН. Гэтая рэзалюцыя дае Косаву аўтаномію
ў межах Югаславіі.
Пытаньне Косава паўставала ўчора пад час інтэрвію Ваіслава Каштуніцы
амэрыканскай тэлекампаніі CBS. Каштуніца стаў першым прадстаўніком Югаславіі,
які ўзяў на сябе адказнасьць і выказаў шкадаваньне з нагоды шматлікіх канфліктаў
на Балканах з удзелам Югаславіі:
(Каштуніца: ) “Гэта былі злачынствы, і людзі, якія былі забітыя, - ахвяры.
Я мушу сказаць таксама, што было шмат ахвяраў і зь іншага боку – забівалі
й сэрбаў. Я гатовы прыняць віну за забітых людзей. Я стараюся ўзяць адказнасьць
за тое, што здарылася, нават за тое, што зрабіў Мілошавіч”.
Тым часам у самой Сэрбіі парлямэнт ухваліў фармаваньне пераходнага ўраду.
Ён будзе дзейнічаць да парлямэнцкіх выбараў, прызначаных на 23-га сьнежня.
На пасаду кіраўніка гэатага ўраду прызначаны прадстаўнік Сацыялістычнай
партыі Сэрбіі Міламір Мініч. Нагадаю, што лідэрам гэтай партыі – Слабадан
Мілошавіч.
Дагэтуль застаецца няясным лёс былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча,
якога міжнародная грамадзкасьць заклікае прыцягнуць да адказнасьці за меркаваныя
злачынствы. Ваіслаў Каштуніца адмаўляецца выдаць Мілошавіча Гаагскаму трыбуналу
і тлумачыць гэта тым, што трыбунал – палітычны ворган, створаны краінамі
Захаду, і ягоная краіна гэты трыбунал не прызнае. Тым ня менш учора на
пытаньне тэлекампаніі CBS, ці будзе калі-небудзь суд над Мілошавічам, Каштуніча
адказаў: “Дзе-небудзь – так”.
Вольга Караткевіч, Прага
Самае папулярнае
1