Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У другім туры выбараў дэпутатаў у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў» улады на Гомельшчыные плянуюць нэўтралізаваць назіральнікаў ад дэмакратычных арганізацыяў.

Кандыдату ў дэпутаты ў гомельскай Сяльмашаўскай выбарчай акрузе №34, прафэсару катэдры фізыкі Беларускага ўнівэрсытэту транспарту Валянціне Савасьценцы выпадкова ўдалося пачуць, як кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёну Гомелю Васіль Мацюк праводзіў своеасаблівы інструктаж са старшынямі акруговых і ўчастковых камісіяў адносна нэйтралізацыі назіральнікаў ад дэмакратычных суполак.

Распавядае Валянціна Савасьценка:

«Мацюк казаў адкрытым тэкстам: на выбарах будуць назіральнікі. Ваша задача іх нэйтралізаваць. Усе старшыні ўчастковых камісіяў мусяць падабраць зь ліку сваіх падначаленых ня менш як тры чалавекі ды аформіць іх назіральнікамі ад працоўнага калектыву», — засьведчыла спадарыня Савасьценка.

Фармуляваліся й паводзіны гэтак званых “сваіх” назіральнікаў. Яны мусілі абмяжоўваць агляд пакояў для галасаваньня, распачынаць размовы, каб адцягнуць увагу сапраўдных назіральнікаў, дамагацца іх неадэкватнае рэакцыі.

Ставілася задача абмежаваць і доступ да ўчасткаў давераных асобаў кандыдатаў у дэпутаты, якія непажаданы для ўлады.

Дарэчы, у адносінах самой Валянціны Савасьценцы (а яна выйшла ў другі тур выбараў) прымяняецца сур'ёзны ўціск. Акруговая камісія заблякавала на фабрыцы “Палесдрук” выхад улёткі са зваротам да выбаршчыкаў. Па ўсяму відаць, камісію не задаволіла тое, што Валянціна Савасьценка прывяла ва ўлётцы ў адносінах свайго афіцыйнага суперніка, генэральнага дырэктара канцэрну “Белрэсурсы” Юрыя Астапчанкі вытрымку з выступу Аляксандра Лукашэнкі на апошняй сэсіі «Палаты прадстаўнікоў». Кіраўнік дзяржавы нэгатыўна ацаніў працу канцэрну і ягонага кіраўніка. Камісія перашкаджае давесьці гэтую інфармацыю да выбаршчыкаў.

Сярод іншых нечаканасьцяў другога туру можна прыгадаць і адмову ў Жлобіне старшыні гарадзкога выканкаму Ўладзімера Ерафеева змагацца за дэпутацкі мандат. У ягонай заяве на гэты конт сказана: з-за стану здароўя. Спадара Ерафеева ў першым туры нашмат апярэдзіў начальнік цэху мэталюргічнага заводу Іван Мельнікаў.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG