Украіна занепакоеная напружанымі дачыненьнямі Беларусі з Эўрапейскімі
арганізацыямі, – заявіў сёньня начальнік прэсавай службы Міністэрства замежных
справаў Украіны Ігар Грушко.
(Цытата: ) “Замежнапалітычнае напружаньне ў дачыненьнях Беларусі з вядучымі
эўрапейскімі арганізацыямі, у прыватнасьці, з АБСЭ, выклікае ва Ўкраіны
сур’ёзную заклапочанасьць з прычыны наяўнасьці палітычнай напружанасьці
ў рэгіёне, да якога Ўкраіна належыць”.
Беларусь, паводле словаў Ігара Грушко, належыць да рэгіёну Вялікай Эўропы,
і кіруючыся гэтым трэба ацэньваць падзеі ў Беларусі.
Як перадае карэспандэнт УНІАН, цытуючы словы начальніка прэсавай службы
міністэрства замежных справаў Украіны, факты адмовы часткі апазыцыйных
сілаў Беларусі ўзяць удзел у парлямэнцкіх выбарах сьведчаць пра канфліктнасьць,
якая захоўваецца ў беларускім грамадзтве.
Як паведаміў Ігар Грушко, Украіна перакананая, што працэсы агульнаэўрапейскай
інтэграцыі не павінныя абмінаць ніводнай з краінаў кантынэнту. Адзіны рэальны
шлях для пераадоленьня існуючай у Беларусі напружанасьці як у замежнапалітычным,
так і ўнутрыпалітычным кантэксьце, паводле Ўкраіны, – гэта ўзмацненьне
парлямэнтарызму, разьвіцьцё дэмакратычных прынцыпаў падзелу ўлады, забесьпячэньне
свабоднага функцыянаваньня грамадзкіх і няўрадавых арганізацыяў.
Афіцыйны Кіеў мяркуе, што толькі гарантаваныя палітычныя, эканамічныя
і сацыяльныя правы кожнага грамадзяніна могуць стварыць фундамэнт, які
забясьпечыць стабільнасьць у грамадзтве, эканамічны рост і паўнацэннае
далучэньне краіны да міжнароднай супольнасьці.
Ігар Грушко таксама дадаў, што Ўкраіна чакае на вынікі другога туру
галасаваньня ў тых акругах, дзе кандыдаты не набралі неабходных галасоў
і тады ацэніць вынікі выбарчай кампаніі агулам.
Самае папулярнае
1