Праваабаронца, дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы Сяргей Кавалёў у інтэрвію
нашай праграме ацэньвае цяперашнюю сытуацыю ў Расеі і асобу цяперашняга
расейскага прэзыдэнта.
На пытаньне, што можна было б лічыць найбольш яскравай праявай сутнасьці
цяперашняга расейскага грамадзтва, Сяргей Кавалёў называе чачэнскую вайну.
“Гісторыя масавай падтрымкі вайны ў Чачні і гісторыя абраньня Пуціна
прэзыдэнтам – гэта адна і тая ж гісторыя”, кажа Сяргей Кавалёў.
Праваабаронца называе тры фактары, якія паўплывалі на масавую падтрымку
цяперашняй чачэнскай вайны расейскім грамадзствам. Гэта гандаль закладнікамі
ў Чачні, інтэрвэнцыя баевікоў ў Дагэстан і выбухі жылых дамоў ў Маскве,
Буйнакску і Валгадонску.
Аднак, аналіз гэтых фактараў дае часам даволі нечаканыя высновы.
Напрыклад, захоп закладнікаў. Пра гэта не гаворыцца ў расейскай прэсе,
але 90 адсоткаў ўсіх закладнікаў – гэта былі этнічныя чачэнцы. Гэты ганебы
бізнес (сярод ягоных арганізатараў Кавалёў называе Арбі Бараева) стаў сродкам
існаваньня для даволі значнай колькасьці людзей. Сытуацыю, паводле словаў
Кавалёва, імкнуўся выправіць прэзыдэнт Масхадаў. У траўні 1999 году Масхадаў
накіраваў у Маскву свайго афіцыйнага прадстаўніка, які павінен быў абмеркаваць
з кіраўнікамі сілавых ведамстваў канкрэтны плян барацьбы з бандытамі, што
захопліваюць закладнікаў. Але ў аэрапорце прадстаўнік быў арыштаваны і
на некалькі тыдняў кінуты ў Лефортава, пасьля чаго высланы ў Чачню.
Масхадаў, паводле Кавалёва, апынуўся ў даволі складанай сытуацыі супрацьстаяньня
паміж рознымі ўзброенымі чачэнскімі групоўкамі, зь якіх толькі траціна
падтрымлівала Масхадава. Паўторым, гаворка ідзе менавіта пра ўзброеныя
падразьдзяленьні. Масхадаў, лічыць Кавалёў, сам стаў закладнікам уласнай
“звышмэты” – запабегчы грамадзянскай вайны на чачэнскай тэрыторыі. Да таго
ж ён апынуўся, фактычна, у міжнароднай ізаляцыі – ён не адчуваў падтрымкі
ад Захаду, штог магло б яму істотна дапамагчы ў супрацьстаяньні з тымі,
для каго закон не існаваў. Пазыцыю ж Захаду Сяргей Кавалёў тлумачыць нежаданьнем
псаваць адносіны з Масквой.
Што тычыцца трагэдыі з выбухамі ў Маскве і ў расейскіх гарадах, дык
пакуль няма ніякіх доказаў таго, што тэракты арганізавалі чачэнцы, – нагадвае
Кавалёў. – Гэтакжа як нішто не пацьвярджае і іншую вэрсію – што гэтыя выбухі
былі нібыта арганізаваныя ФСБ ці іншымі расейскімі спэцслужбамі. У такой
сытуацыі, лічыць праваабаронца, трэба абапірацца на права. А яно мае, як
мінімум, два прынцыпы. Першы – гэта прэзумпцыя невінаватасьці. Другі –
сьледзтва павінна прааналізаваць усе без выключэньня існуючыя вэрсіі.
Можна не сумнявацца, што другую вэрсію – датычнасьць да выбуху спэцслужбаў
– сьледзтва не аналізавала. Ва ўсялякім разе, пра такі аналіз не паведамлялася.
“Мы ня ведаем, хто арганізаваў выбухі, – кажа Кавалёў, – але дакладна ведаем,
хто іх выкарыстаў. Выкарыстаў іх Крэмль, каб выклікаць нянавісьць супраць
Чачні і прывесьці Пуціна ў Крэмль”.
Ацэньваючы асобу цяперашняга расейскага прэзыдэнта, былы дысыдэнт, паплечнік
Андрэя Сахарава, які правёў не адзін год у зьняволеньні, зьвяртае ўвагу
на тое, што Пуцін не саромеецца свайго “кагэбэшнага мінулага”.
“Уявіце сабе, – кажа Кавлёў, – што ў ФРГ фэдэральным канцлерам зрабіўся
былы афіцэр СС. Уявіце сабе рэакцыю усясьветнай супольнасьці, палітыкаў,
прэсы, праваабарончых арганізацыяў. І ўявіце, што на пытаньне журналіста:
“Як вы цяпер ацэньваеце сваю мінулую дзейнасьць”, – гэты чалавек адкажа:
“Я ёй ганаруся!”. Аналёгіі, як кажуць, відавочныя.
Прагназуючы далейшае разьвіцьцё сытуацыі, Кавалёў дапускае два варыянты.
Першы – гэта працяг вайны, якая з чачэнскага боку ўжо цяпер носіць характар
партызанскай. Партызанскую вайну выйграць немагчыма. Ёсьць толькі адзін
спосаб выйграць партызанскую вайну – генацыд, – нагадвае Кавалёў. Дарэчы,
ён не выключае, што ў выпадку няўдачы ў Чачні Крэмль можа кампэнсаваць
уласную паразу ў расейскай масавай сьвядомасьці далучэньнем да Расеі Беларусі.
А другі варыянт – перамовы. Пры гэтым Сяргей Кавалёў нагадвае, што ніякія
перамовы не бываюць простымі, таму што перамовы пра мір заўсёды вядуць
не з сябрамі, а з ворагамі. І ў тым выпадку, калі Захад зойме прынцыповую
пазыцыю ў адносінах з Масквой, шанец на мірны варыянт для Чачні, лічыць
Кавалёў, ўсё яшчэ застаецца.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1