У Полацку адбыўся першы гарадзкі фэстываль габрэйскай кнігі.
Прысьвечаны фэстываль быў выдатнай постаці габрэйскай культуры, сыну
беларускае зямлі Эліазэру Бэн-Іегудзе – чалавеку, які вярнуў да жыцьця
некалі мёртвую мову іўрыт.
Бэн-Іегуда – ад нараджэньня Лазар Пэрэльман – нарадзіўся ў сярэдзіне
мінулага стагодзьдзя ў мястэчку Лужкі навачаснага Шаркаўшчынскага раёну.
У 13 гадоў хлопец быў аддадзены ў Полацкі ешыбот, і менавіта тут, у сьценах
духоўнай вучэльні душу ягоную апанавала старажытнагабрэйская мова, на якой
была напісаная Тора.
Неўзабаве ягоны родны дзядзька, зразумеўшы, што рабіна з хлопца не атрымаецца,
забраў Лазара да сябе – у мястэчка Глыбокае, каб далучыць да нейкай справы.
Але хлопец нічым іншым, апрача вывучэньня іўрыту, не хацеў займацца.
І вось, апынуўшыся ў Парыжы, куды дзядзька адправіў яго вучыцца на лекара,
Лазар Пэрэльман вызначыў дзеля сябе жыцьцёвую мэту: адрадзіць іўрыт, зрабіўшы
яго мовай габрэйскай нацыі. Бо, як лічыў Лазар, менавіта мова зьяўляецца
тым цэмэнтам, які лучыць народ у нацыю. Ён узяў сабе псэўданім Бэн-Іегуда,
што значыць “сын Іўдзеі”, і пачаў складаць слоўнік навачаснага іўрыту,
грунтуючыся на слоўным матар’яле старажытнай Торы, пасьля чаго быў абвешчаны
сябрамі і знаёмцамі “ціхім вар’ятам”.
Як сказаў у часе свайго выступленьня на фэстывалі пісьменьнік
Аляксандар Чарніцкі, “у той час нават фанатычныя заўзятары адраджэньня
габрэйскай дзяржавы не давалі веры адраджэньню іўрыту і лічылі такія спробы
недарэчным дзівацтвам. Але менавіта дзякуючы такім апантаным людзям, як
Эліазэр Бэн-Іегуда, і чыняцца ў сьвеце вялікія справы. І сёньня некалі
мёртвая мова стала дзяржаўнай мовай Ізраілю.”
Аб неабходнасьці стварэньня музэя Бэн-Іегуды на ягонай радзіме казаў
у сваёй прамове краязнавец з Лужку Эдмунд Гірын. Праца такая, паводле сп.Гірына,
ужо пачалася. А ягоная калега – краязнаўца Ада Райчонак – заклікала стварыць
такі музэй агульным высілкам габрэяў і беларусаў.
Вінцэсь Мудроў, Полацак
Самае папулярнае
1