Паводле папярэдніх афіцыйных зьвестак, выбары на Гомельшчыне
адбыліся ва ўсіх 17 акругах. У дзесяці яны нібыта нават выніковыя: дэпутаты
ў гэтак званую «Палату прадстаўнікоў» абраны ўжо ў першым туры. Але ці
ўсё так добра на самрэч?
Камісіі паведамляюць, што ў шэрагу абраных значацца: у Мазыры — цяперашні
сьпікер «палаты» Анатоль Малафееў, у Буда-Кашалеве й Рэчыцы — старшыні
сталых камісіяў Валянцін Кручкоў і Мікола Куцко. Называюцца таксама й лічбы
высокага ўдзелу выбаршчыкаў у галасаваньні. Напрыклад, у Хойніцкай акрузе
— амаль 82 адсоткі.
Аднак незалежныя назіральнікі сьцьвяржаюць, што, прынамсі, у чатырох
гарадзкіх акругах Гомелю (Юбілейнай — 33-й, Цэнтральнай — 35-й, Савецкай
— 36-й, Прамысловай — 37-й) выбары на самрэч не адбыліся. Сьведчыць старшыня
абласное рады назіральнікаў Уладзімер Кацора:
“Тут спрацаваў “адміністрацыйны рэсурс”, спрацаваў мэханізм фальшаваньня,
асабліва пад час папярэдняга галасаваньня. Мы гаворым пра тое, ці прыйшла
палова выбаршчыкаў на ўчасткі. Кажу адназначна: не прыйшла”, — заявіў спадар
Кацора.
Паводле словаў суразмоўцы, рэальны ўдзел выбаршчыкаў у чатырох згаданых
акругах не перавышае ў лепшым выпадку 42–43 адсоткаў, а ў 33-й акрузе гэты
паказьнік не 50,2 адсоткі, як падае камісія, а недзе на мяжы 35-ці адсоткаў.
Прынамсі, на большасьці ўчасткаў, дзе прысутнічалі назіральнікі, выбары
не адбыліся. Пэўна, нездарма кіраўнікі камісіяў утойвалі ад іх і журналістаў
дакладныя зьвесткі папярэдняга галасаваньня. А старшыня Савецкай выбарчай
акругі № 36 Юры Люкшын наогул выгнаў назіральнікаў з трох участкаў. Самаўпраўства
было нагэтулькі відавочным, што пракурор гораду Леанід Кірмель вынес Люкшыну
афіцыйнае папярэджаньне. Праўда, здарылася гэта ўжо на прыканцы галасаваньня.
Неардынарная сытуацыя склалася і ў 34-й Сяльмашаўскай акрузе. Сёньня
двое кандыдатаў у дэпутаты, Валянціна Савасьценка і Ўладзімер Сякерка,
падалі ў акруговую камісію заявы адносна прызнаньня выбараў несапраўднымі
— з прычыны парушэньня іхным супернікам, кандыдатам ад улады Юрам Астапчанкам,
Выбарчага кодэксу.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1