Дэпутат цяперашняй Палаты Прадстаўнікоў і намесьнік Міністра ў надзвычайных
сытуацыях Барыс Бікінін быў калісьці абраны ў Палату ад Баранавічаў, аднак
сёньня ён не рызыкнуў ізноў прасіць даверу ў сваіх ранейшых выбаршчыкаў
і пайшоў па баранавіцкай сельскай акрузе № 6, якая ўлучае баранавіцкі і
ляхавіцкі раёны. Праваабарончыя арганізацыі фіксуюць з боку Бікініна мноства
парушэньняў:
Пачалося ўсё, напэўна, з таго, што ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэньні
Бікініна былі ўлучаныя ўсе баранавіцкія ды ляхавіцкія пажарнікі, што безпасярэдне
падпарадкоўваюцца Міністэрству надзвычайных сытуацыяў.
Прадстаўнікі мясцовай арганізацыі Партыі камуністаў беларускай кажуць,
што маюць дастаткова фактаў і доказаў таго, што пажарнікі зьбіралі подпісы,
выкарыстоўваючы службовае становішча. Але гэта быў толькі пачатак.
У ведамасным часапісе “Служба выратаваньня 01” (№9) выходзіць артыкул:
“Барыс Бікінін дапамагае тым, хто мае патрэбу”.
Сам кандыдат у дэпутаты раздае на сустрэчах з выбаршчыкамі гэты часопіс.
Як высьветлілася, Бікінін аддрукаваў звыш накладу дадатковых 500 асобнікаў
у мясцовай баранавіцкай друкарні. Аднак і гэта яшчэ ня ўсё.
На сустрэчах з выбаршчыкамі ў Навамышскім ПТВ-156 ды ў Лясьнянскім доме-інтарнаце
кандыдат Бікінін настолькі расшчодрыўся, што падараваў гэтым установам
па каляроваму тэлевізару “Гарызонт” – кожнай, што ёсьць простым парушэньнем
артыкулу № 47 “Выбарчага коэксу”.
І баранавіцкія, і ляхавіцкія раённыя ўлады, безумоўна, ва ўсім падыгрываюць
Бікініну. Ягонае прозьвішча не сыходзіць са старонак мясцовых афіцыйных
газэтаў, а на сустрэчы з выбаршчыкамі іншых кандыдатаў не запрашаюць, але
пасьля тлумачаць, што яны праігнаравалі сустрэчу. Затое Барыс Бікінін,
маўляў, не паленаваўся да вас прыйсьці.
Мясцовая арганізацыя Партыі камуністаў беларускай падала заяву ў Цэнтарвыбаркам
з патрабаваньнем зьняць кандыдата Бікініна з выбарчага маратону. Аднак
учора акруговая камісыя № 6 палічыла доказы калякінцаў неабгрунтаванымі
і бальшынёй галасоў пакінула Барыса Бікініна ў сьпісе кандыдатаў.
Алесь Горбач, Баранавічы
Самае папулярнае
1