1 мільён 200 тысяч выбаршчыкаў налічваецца ў 17 выбарчых акругах Гомельскай
вобласьці, але ня ўсім ім трэба было наведваць выбарчыя ўчасткі менавіта
сёньня, у дзень афіцыйных выбараў.
Высілкамі ўладаў і акруговых камісіяў да пачатку сёньняшняга галасаваньня
на ўчастках пасьпелі пабываць 13 адсоткаў выбаршчыкаў. Гэта ў сярэднім,
бо ёсьць у так званым датэрміновым галасаваньні і свае лідэры. Да прыкладу,
у гомельскай Сельскай выбарчай акрузе №39, паводле афіцыйных зьвестак,
на ўчасткі прыйшлі 17 адсоткаў выбаршчыкаў, у Буда-Кашалёўскай акрузе №40
– ажно 23 адсоткі. Гэтыя лічбы аздобілі сёньняшнюю статыстыку, паколькі
актыўнасьць выбаршчыкаў, прынамсі да 13 гадзінаў, была невысокая – каля
25 адсоткаў.
На ўчастку №21 гомельскай Цэнтральнай выбарчай акругі, дзе кандыдатам
у дэпутаты балятуецца кіраўнікі мясцовай адміністрацыі Ўладзімер Дзервянкоў,
сябры камісіі сутыкнуліся з неахайнай працай раённых службаў у складаньні
сьпісаў выбаршчыкаў. За тры гадзіны пасьля адкрыцьця ўчастку ажно 55 чалавек
зьвярнуліся да сакратара камісіі Галіны Молат са скаргамі на тое, што іх
прозьвішчаў няма ў сьпісах.
У гомельскай Савецкай выбарчай акрузе №36 старшыня камісіі Юры Люкшын,
які да нядаўняга часу працаваў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі, наладзіў
сапраўдную зачыстку назіральнікам ад грамадзкіх арганізацыяў. З двух участкаў
ён выгнаў прадстаўнікоў аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, у прыватнасьці,
Сяргея Ермакова і Аляксандра Процьку, ды ня проста выгнаў, але выдаў нават
пісьмовыя даведкі наступнага зьместу: “Выдалены з участка па прычыне адсутнасьці
пасьведчаньня сябра грамадзкага аб’яднаьня “Грамадзянскія ініцыятывы”.
І хаця наяўнасьць такога пасьведчаньня Выбарчы кодэкс не прадугледжвае,
старшыня камісіі быў цьвёрдым.
Кaзімер Яноўскі, Гомельская вобласьць
Самае папулярнае
1