Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кожныя дзьве гадзіны ЦВК Беларусі праводзіць брыфінгі, на якіх паведамляецца сьвежая інфармацыя ў хадзе галасаваньня. Апошнія лічбы на гэты момант паведамляе наш карэспандэнт.

Паводле дадзеных на 16 гадзінаў, як паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія, у цэлым па краіне прагаласавала амаль 45 адсоткаў выбаршчыкаў. Гэта самая апошняя інфармацыя, а мы распавядзем пра тое, як ішло галасаваньне на працягу дня.

Найперш варта спыніцца на выніках гэтак званага датэрміновага галасаваньня, якое праходзіла апошнія чатыры дні напярэдадні дня выбараў. Усяго ў ім узяла ўдзел 10 з паловаю адсоткаў выбаршчыкаў — так бы мовіць, своеасаблівая фора для выканаўчае ўлады. Дарэчы, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына некалькі дзён таму зазначыла, што на мясцовых выбарах у мінулым годзе датэрмінова прагаласавала каля 10 адсоткаў. Як бачым, зараз “вэртыкаль” выканала тыя ж самыя арыентыры.

Сёньня актыўнасьць беларускіх выбаршчыкаў разьвівалася наступным чынам — паводле стану на 10 гадзінаў у галасаваньні ўзялі ўдзел 14 адсоткаў (зноў-такі паўтаруся, з улікам 10 адсоткаў папярэдняга галасаваньня), на 12 гадзінаў — 25 адсоткаў, на 14 гадзінаў — 37 адсоткаў. Перадавіком вытворчасьці галасоў на працягу дня зьяўляецца Гарадзенская вобласьць, найніжэйшыя паказьнікі — у Менскай вобласьці і ў самой сталіцы, якая ўвесь дзень сёньня адставала ад агульнабеларускіх лічбаў звыш як на 10 адсоткаў.

Зрэшты, як тлумачаць прадстаўнікі ЦВК, гэта традыцыйная тэндэнцыя — што Менск і буйныя гарады галасуюць у другой палове дня.

Наколькі рэальнымі й праўдзівымі выглядаюць прыведзеныя афіцыйныя лічбы? Як сказаў на брыфінгу сакратар Цэнтральнае выбарчае камісіі Іван Ліхач, сёньняшняя актыўнасьць выбаршчыкаў прыблізна адпавядве паказьнікам іншых выбараў у Беларусі за бліжэйшыя гады. Ліхач аднак, паведаміў, што сёньняшнія лічбы прыблізна на 3 адсоткі адстаюць ад паказьнікаў леташняга галасаваньня ў мяйсцовыя Саветы — тады ўсяго прагаласавала каля 62 адсоткаў выбаршчыкаў.

Дарэчы, паводле апошніх дадзеных аўтарытэтнага Інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, у выбарах 15 кастрычніка маюць намер узяць удзел 59 адсоткаў беларусаў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што як правіла, з тых, хто заяўляе пра свой удзел у галасаваньні, каля 10-15 адсоткаў у выбарах урэшце ня ўдзельнічаюць. Так што лічба 50 адсоткаў выглядала б даволі рэальнаю, у той час як напрыклад, паказьнік 70 адсоткаў, выклікаў бы абгрунтаванае падозраньне.

І яшчэ адзін паказальны факт. Ужо на 14 гадзінаў выбары адбыліся ў 16 акругах — там прагаласавала звыш 50 адсоткаў. Характэрна, што ў 11 зь іх, як высьвятліў Валеры Шчукін, балятуюцца дэпутаты цяперашняга складу “Палаты прадстаўнікоў”.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG