Навіны культуры мінулага тыдня
Польскі Інстытут ладзіць 17 кастрычніка ў кінатэатры “Масква” эксклюзыўны
паказ знакамітай гістарычнай стужкі Ежы Гофмана “Агнём і мячом”. Поўны
крыві й рамантыкі, фільм распавядае пра змаганьне Польшчы й запароскіх
казакаў за ўладу над Украінай. Першапачаткова плянавалася паказаць гэтую
найдаражэйшую ў гісторыі польскага кіно стужку двойчы — 14 і 15 кастрычніка,
у Менск былі запрошаныя аўтары карціны, але гарадзкі выканкам прымусіў
адкласьці прэм’еру ў сувязі з выбарамі ў гэтак званую Паляту прадстаўнікоў.
Аўтары стужкі цяпер не прыедуць.
У берасьцейскім грамадзка-культурным цэнтры адчынілася выстава, прысьвечаная
помнікам архітэктуры Берасьця. Аўтары больш як ста аркушаў графікі й палотнаў
— студэнты архітэктурнага факультэту Берасьцейскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту.
У Доме дружбы прайшла разьвітальная вечарына пасла Індыі ў Беларусі
пані Мадха Бхадуры, якая атрымала прызначэньне на пасаду пасла Індыі ў
Партугаліі. Апроч дыпляматыі, пані Бхадуры стала займаецца літаратурнай
творчасьцяй. У беларускіх часопісах друкаваліся яе вершы, п’есы, раман
“Прыліў”. Намесьнік міністра культуры Валеры Гядройц паабяцаў, што міністэрства
прафінансуе пастаноўку п’есы пані Бхадуры “Зямля й неба” ў адным з сталічных
тэатраў.
Катэдра кіна- й тэлемастацтва Беларускае Акадэміі Мастацтваў атрымала
Гран-пры Міжнароднага студэнцкага фэстывалю аўдыёвізуальных мастацтваў
”Фаст-Фэст-Уікэнд”, які прайшоў у сталіцы Ўкраіны. Апроч таго, студэнт
БелАМ Аляксандар Гайдук, аўтар фільму “Іваныч”, атрымаў фэстывальны прыз
за лепшую рэжысуру, а Максім Субоцін і Вадзім Пацеяў — прыз за лепшае адлюстраваньне
праблемаў моладзі ў сацыяльным роліку “Час казаць галоўнае”. Шкада, але
сёлета катэдра кіна- й тэлемастацтва не рабіла новага набору студэнтаў,
бо ў Беларусі тэлевізійных каналаў вельмі мала, і нават сярод тэлевізыйшчыкаў-вэтэранаў
многія цяпер ня маюць працы.
Гомельскі абласны тэатар лялек існуе ўжо 37 гадоў, але да гэтуль ня
мае ўласнага памяшканьня, і таму выступае па школах і вясковых клюбах.
Гарадзкі выканкам, нарэшце, знайшоў для тэатру непатрэбны будынак, але
колькі часу спатрэбіцца на ягоную рэстаўрацыю — пакуль невядома.
У Мар’інай Горцы прайшоў абласны конкурс “Грай, гармонік”. Тытул лепшага
на Меншчыне гурта народнае музыкі атрымаў ансамбаль “Весялуха” з Пухавіцкага
раёну. Лепшы гарманіст — Валеры Сальнік з-пад Маладэчна. У конкурсе прыпевачніц
перамагла Валянтына Аляксеява зь Любаншчыны. Яна ўразіла журы й публіку
тым, што аднолькава добра сьпявае жаночым і мужчынскім голасам.
Юрась Барысевіч, Менск.
Самае папулярнае
1