Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Старшыня Гарадзенскага гарадзкога выканкаму Анатоль Пашкевіч схадзіў на выбарчы ўчастак адным зь першых. І заахвоціў гараджанаў таксама галасаваць датэрмінова. Ён паабяцаў зацяпліць у дамах, каб людзі “прыйшлі з выбарчых участкаў у абагрэтыя кватэры”.

Абласныя ўлады таксама зьвярнуліся да выбаршчыкаў. Сэнс звароту такі: не зважаючы на заклікі апазыцыі да байкоту, абавязкова прыйдзіце й прагаласуйце. А лепей, каб — датэрмінова.

Ва ўсіх выканкамах праводзіўся інструктаж кіраўнікоў установаў, прадпрыемстваў, калгасаў. Іх папярэджвалі: не забясьпечыце ўдзел у выбарах сваіх працаўнікоў, — разьвітаецеся з пасадаю. Улады трымаюць працэс правядзеньня выбараў пад пільным кантролем…

Ёсьць зьвесткі, што людзей нават запалохваюць — усіх, хто не галасаваў, спраўдзяць паводле сьпісаў на выбарчых участках. Гэта сапраўды няцяжка зрабіць, асабліва ў інтэрнатах. Першымі пагналі галасаваць студэнтаў ВНУ. Напрыклад, ва ўнівэрсытэце куратарам групаў і адказным за выхаваўчую работу ў інтэрнатах было загадана — забясьпечыць менавіта датэрміновае галасаваньне студэнтаў.

Сытуацыя з выбарамі падобная ва ўсіх раёнах. Прадстаўніцтва БГК у Ашмянах, напрыклад, зарэгістравала, што адбываецца агітацыя за кандыдата ў дэпутаты Вадзюшына праз школьнікаў. Настаўнікі раздаюць ім улёткі й намаўляюць, каб бацькі прагаласавалі за гэтага кандыдата, які працуе ў апараце “Нацыянальнага сходу”. Кіраўніцтва раённых электрасетак схіляла сваіх працаўнікоў, каб яны прагаласавалі датэрмінова. На выбарчыя ўчасткі ў Ашмянах часам не дапускаюцца назіральнікі.

Паводле дадзеных уладаў, у абласным цэнтры напярэдадні выбараў гатовыя былі йсьці галасаваць менш за дзьве траціны выбаршчыкаў.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG