Старшыня Жодзінскае рады БНФ Аляксей Лапіцкі зьвярнуўся з афіцыйнай
заяваю ў мясцовую міліцыю, у якой запатрабаваў расьсьледваньня факту публічнага
зьбіцьця тутэйшымі прыхільнікамі расейскага профашыстоўскага руху “РНЕ”
ягонага 14-гадовага сына Алеся…
Хлопца зьбілі 8 кастрычніка блізу таго месца, дзе апазыцыянэры праводзілі
сустрэчу з выбаршчыкамі.
Як распавёў Аляксей Лапіцкі, зьдзек над ягоным сынам адбываўся на вачох
многіх зямлякоў. І сярод іх ёсьць людзі, што пацьвердзяць згаданы факт.
Паводле Аляксея Лапіцкага, жодзінскія “баркашоўцы” раней нічым адметным
сябе не выяўлялі. Актыўнасьць іхная выявілася за два дні да згаданай акцыі
апазыцыі.
(Лапіцкі: ) “На штаб-кватэру адбыўся напад. Павыбівалі шыбы, разьбілі
званок. Рабіліся брудныя тэлефанаваньні. Яны і зараз працягваюцца. Нашыя
хлопцы, які носяць значкі ТБМ, сустракаліся ў дварах час ад часу з гэтымі
брытагаловымі і атрымоўвалі пагрозы. Часам ім дапамагалі вызваліцца звычайныя
людзі”.
Камэнтуючы жодзінскія падзеі, старшыня Менскай абласное філіі БНФ Валянцін
Баранаў паведаміў пра яшчэ адзін адметны факт, гэтым разам — у Мар’інай
Горцы, напярэдадні сталічнага “Маршу Свабоды – 3”.
(Баранаў: ) “Алесю Васьковічу з Мар’інай Горкі быў накіраваны ліст з
пагрозай - спыніць дзейнасьць у БНФ. Алесь Васьковіч – старшыня Пухавіцкай
рады БНФ. Партыі і руху”.
Паводле ягоных дадзеных, на Меншчыне ўтварэньні баркашоўцаў ёсьць ня
толькі ў Жодзіне й Мар’інай Горцы, а яшчэ — у Барысаве, Слуцку, Клецку
й Крупках. Звычайна філіі налічваюць па некалькі дзясяткаў чалавек. А ўзьнікаюць
яны там, дзе базуюцца або раней базаваліся вайсковыя часткі зь пераважнай
колькасьцю афіцэраў расейскага паходжаньня. Многія зь іх даўно сыйшлі ў
адстаўку й дажываюць век у вайсковых гарадкох. Мясцовыя ж улады, якія праводзяць
лукашэнкавую прорасейскую палітыку, да дзейнасьці расейскіх нацыстаў ставяцца
ляяльна. Гэта пацьвярджае і Аляксей Лапіцкі:
(Лапіцкі: ) “Мы назіралі на Маршы Свабоды, у нас зафіксаваныя здымкі,
калі некаторыя з гэтых брытагаловых размаўляюць з супрацоўнікамі КДБ, уважліва
слухаюць іхныя інструкцыі, а потым пачынаюць дзейнічаць. І на вачах міліцыянтаў
рабілі хуліганскія ўчынкі. Калі адбыўся выпадак з нашым юнаком, мы падыйшлі
блізка да тых хлопцаў, хацелі разабрацца, але падышлі міліцыянты, якія
паводзілі сябе такім чынам, быццам абараняюць брытагаловых”.
Паводле Валянціна Баранава, нацысты трэніруюцца ў лепшых спартовых залях,
даволі часта зьяжджаюцца ў Крупкі, блізу якіх праводзяць свае вучэньні
й спаборніцтвы. Адметна, што, напрыклад, у Барысаве, дзе йснуе спартова-патрыятычны
клюб “Волат”, які аб’ядноўвае нацыянальна сьведамую моладзь, расейскія
нацысты з “РНЕ” не адважваюцца на цкаваньне дэмакратычнай апазыцыі. “Напрыклад,
прысутнасьць на барысаўскай акцыі 8 кастрычніка “волатаўцаў” не дазволіла
групе баркашоўцаў сарваць гэтую акцыю”, — зазначыў спадар Баранаў.
(Навумчык: ) “Русское Национальное Единство ў Расеі выступае за аднаўленьне
імпэрыі. Для РНЕ ў Беларусі гэтая мэта ўвасабляецца ў ліквідацыі беларускай
незалежнасьці, што цалкам, дарэчы, супадае з імкненьнямі Аляксандра Лукашэнкі.
Які, прыгадваем, знайшоў аднойчы камплімэнтарныя словы для Гітлера.
Ніколі не былі прыхільнікамі беларускай Незалежнасьці і большасьць супрацоўнікаў
КГБ. Яшчэ на пачатку 90 гадоў, калі ў Беларусі ўзьніклі філіі РНЕ, ў незалежнай
прэсе зьяўляліся зьвесткі, што яны падтрымліваюцца структурамі КГБ. Сёньняшні
матэрыял Алеся Мікалайчанкі прымушае нас больш грунтоўна прааналізаваць
гэтую тэму ў адной з наступных перадачаў”.
Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць
Самае папулярнае
1