Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт ня зьменіць свайго рашэньня адносна
мейсца правядзеньня вулічнай акцыі «Супраць дыктатуры й выбарчага фарсу»,
што маецца ладзіць апазыцыя 14 кастрычніка. Пра гэта заявіў журналістам
старшыня Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Паўлаў.
Ён таксама паведаміў, што ўсе выходныя — 14 кастрычніка (у дзень плянуемай
акцыі) і 15-га (пад час працы выбарчых участкаў) — гарадзкая міліцыя будзе
працаваць у звычайным для яе рэжыме.
Міхал Паўлаў прызнаўся, што палітыкаю не займаецца. Сваім асноўным абавязкам
ён лічыць вырашэньне эканамічных і сацыяльных праблемаў гораду. На пытаньне,
ці перагледзіць Менскі гарадзкі выканкам сваё рашэньне пра мейсца правядзеньня
вулічнае маніфэстацыі 14 кастрычніка, спадар Паўлаў адказаў: “Не”.
Ён цалкам згодны з рашэньнем сваіх падначаленых зьмяніць маршрут шэсьця,
а менавіта: накіраваць удзельнікаў акцыі ад станцыі мэтро «Акадэмія навук»
не на пляц Незалежнасьці, а ў парк «Дружбы народаў».
(Паўлаў: ) «У нас сёньня вуліцы для таго, каб па іх рухаўся транспарт.
У нас тратуары, каб па іх рухаліся пешаходы».
Міхал Паўлаў запэўніў журналістаў, што 14 кастрычніка пад час маніфэстацыі
“Супраць дыктатуры й выбарчага фарсу” сілавыя структуры Менску будуць працаваць
у рэжыме звычайнага працоўнага дня. У наступную суботу ў Менску будуць
наладжаныя шматлікія восеньскія кірмашы, і, як выказаўся старшыня сталічнага
выканкаму, міліцыянты будуць ня толькі сачыць за апазыцыянэрамі, але й
ахоўваць кірмашы.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1