Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сэрыя затрыманьняў у Віцебску працягваецца. Прыкладна а 13 гадзіне сёньня каля дзьвярэй выбарчых участковых камісіяў, якія знаходзяцца у саракавой віцебскай школе, быў затрыманы 16-гадовы Яніс Чучман. Хлопец прыляпіў улётку з заклікам “Моладзь супраць выбараў!”.

Яніс скончыў 9-ю клясу гэтай школы і зараз вучыцца ў ПТВ.

Настаўнікі школы кінуліся бараніць былога вучня. Намесьніца дырэктара Тацяна Севярынец запатрабавала ад яфрэйтара Рудзянка, ахоўніка пры камісіях, адпусьціць юнака, матывуючы тым, што кожны чалавек мае права выказаць свае адносіны да выбараў ў “палату”. Яна ж пацьвердзіла асобу затрыманага. Але міліцыянт заявіў, што ён супраць БНФ і за Лукашэнку і выклікаў падмогу.

Праз некалькі хвілін зьявіліся два міліцыянты з гумавымі дручкамі і адзін з аўтаматам. Яны, баронячыся ад настаўнікаў, пачалі крычаць, што менавіта з-за такіх, як Яніс, ім не даводзіцца здымаць бранекамізэлькі і адпачываць у выходныя. Юнака павезьлі ў Першамайскі РАУС. Адначасова туды ж накіраваліся каардынатар абласной Рады па наглядзе за выбарамі Хрыстафор Жэляпаў і старшыня віцебскай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна” Міхась Паўлаў, каб мець упэўненасьць, што да затрыманага у пастарунку ня будуць прымененыя гвалтоўныя дзеяньні.

Дадатковай цяжкасьцю сталася тое, што бацькі Яніса глуханямыя і ім цяжка растлумачыць сутнасьць справы.

У пастарунку маёр міліцыі, які не назваў сябе, не знайшоўшы аргумэнтаў супраць байкоту, заявіў: хлопца затрымалі за бадзяньне ў грамадзкім месцы.

Праз тры гадзіны юнака адпусьцілі. Цяпер ён будзе чакаць паседжаньня камісіі ў справах непаўналетніх.

Пікантнасьць становішча з былым вучнем СШ № 40 яшчэ ў тым, што дырэктар школы, сябра БСДП (Народная грамада) Юры Лаўрэнаў сам зьяўляецца кандыдатам ў дэпутаты па гэтай выбарчай акрузе і агітуе яе жыхароў за актыўную падтрымку. Аднак, магчыма, менавіта яму, як старшыні Віцебскай філіі Гэльсынскага камітэту давядзецца хлопца абараняць.

Алег Жукоўскі, Віцебск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG