Ва ўчорашніх рэгіянальных акцыях аб’яднанай апазыцыі ўдзельнічала каля
10 тысячаў чалавек. Пасьля заканчэньня шэсьцяў, мітынгаў і пікетаў было
затрымана 11 апазыцыянэраў, многіх арганізатараў акцыяў цяпер шукае міліцыя.
На думку лідэраў апазыцыі, нядзельныя акцыі ў рэгіёнах прайшлі даволі пасьпяхова.
Сёньня кіраўнікі Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў правялі прэсавую
канфэрэнцыю, на якой падвялі вынікі рэгіянальнай кампаніі. Паводле словаў
кардынатара гэтых акцыяў Віктара Івашкевіча, у нядзелю на вуліцы беларускіх
гарадоў агулам выйшла каля 10 тысячаў чалавек.
Найбольш буйныя акцыі адбыліся ў Горадні, Берасьці, Гомелі й Слоніме.
У кожным з гэтых гарадоў у мітынгах і шэсьцях ўдзельнічала ад адной да
двух тысячаў чалавек. У большасьці гарадоў акцыі апазыцыі прайшлі спакойна,
аднак у Віцебску, Салігорску, Магілеве, Рагачове ды некаторых іншых затрыманьні
ўсё ж адбываліся. Так, напрыклад, у Рэчыцы міліцыянты нават затрымалі грамадзяніна
Ізраіля, які зрэшты неўзабаве быў адпушчаны.
Паводле словаў спадара Івашкевіча, у розных гарадох адміністрацыйныя
пратаколы былі складзеныя на 11 удзельнікаў акцыяў, аднак гэтая лічба не
канчатковая, бо цяпер міліцыя актыўна шукае многіх арганізатараў.
Актывіст БНФ з Жодзіна Алесь Лапіцкі распавёў што ў ягоным горадзе мясцовыя
прыхільнікі профашыстоўскага РНЕ справакавалі бойку з апазыцыянэрамі, у
выніку якой пацярпеў 14-гадовы сын спадара Лапіцкага Аляксей. Міліцыя ніяк
не рэагавала на правакацыю.
Увогуле ж, лідэры апазыцыі задаволеныя вынікамі ўчорашняй акцыі. Гаворыць
старшыня БНФ Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Мы задаволеныя тым, што беспрэцэдэнтны геаграфічны ахоп
адбыўся, што акцыі адбыліся ўсюды, дзе яны плянаваліся. Гэта пацьвердзіла,
што структуры ўсёй дэмакратычнай кааліцыі працуюць. Нас натхняе той аптымізм
людзей, якія пераадолеўшы страх і запалохваньне выйшлі на акцыі. Акцыі
адбываліся ў відавочным кантэксьце параўнаньня з сэрбскай сытуацыяй, і
гэтая частка нашага палітычнага тактычнага пляну на восень зьдзейсьненая
пасьпяхова”.
Паведаміў спадар Вячорка.
А вось думка лідэра АГП Анатоля Лябедзькі:
(Лябедзька: ) “Я хацеў бы адзначыць, што значэньне гэтай акцыі ў тым,
што мы пачалі падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў, і натуральна, што выйграць
прызыдэнцкія выбары толькі за кошт Менску немагчыма. Трэба будзіць рэгіёны,
і гэта такая першая спроба сыстэмнай працы ў рэгіёнах. Мы будзем прапаноўваць
Каардынацыйнай радзе разгледзець, каб мы ў будучым праводзілі трлхсутпенчатыя
акцыі. Гэта азначае, што акцыя пачынаецца ў Менску, праз тыдзень яна праходзіць
у гарадох-пяцідзесяцітысячніках, і трэба браць трэці ўзровень – усе райцэнтры”.
Гэта быў спадар Лябедзька.
Першую акцыю, паводле такога сцэнару апазыцыя мае намер правесьці ў
лістападзе. Гэтую ідэю падтрымалі й рэгіянальныя апазыцыйныя лідэры гарадзенец
Сямён Домаш, магілевец Анатоль Фёдараў і Рыгор Бакіевіч зь Берасьця. Усе
яны таксама гаварылі, што ўчорашнія акцыі маглі б быць больш масавымі калі
б не перашкоды ўладаў. Лідэры апазыцыі паведамілі, што наступная акцыя
ў рамках байкоту выбараў пройдзе ў Менску 14 кастрычніка, а 19-га прадстаўнікі
Каардынацыйнае рады будуць ўдзельнічаць у мітынгу, які ладзіць Фэдэрацыя
прафсаюзаў.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1