Сёньня ў Польшчы адбываюцца прэзыдэнцкія выбары. З Варшавы перадае наш
карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.
27-мі мільёнам польскіх выбаршчыкаў прапанавана лідэра краіны з 12-ці
кандыдатаў. Фаварытам – цяперашні прэзыдэнт, прадстаўнік левых палітычных
сілаў Аляксандар Квасьнеўскі.
Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, 57 адсоткаў выбаршчыкаў гатовыя
аддаць галасы менавіта Квасьнеўскаму. Другім – вылучэнец бізнэсу Анджэй
Аляхоўскі. На трэцяй пазыцыі з 17-цю адсоткаў падтрымкі лідэр “Салідэрнасьці”
Мар’ян Кшаклеўскі.
Ці магчыма такое, што палякі не абяруць Квасьнеўскага? Аглядальнікі
сыходзяцца ў думцы, што такое малаверагодна. Сёньня ад 8-й раніцы адчыніліся
выбарчыя ўчасткі, але толькі недзе к 1-й гадзіне колькасьць тых, хто прагаласаваў,
перайшла мяжу адной траціны.
Гэта ў асноўным людзі сталага ўзросту. Я пабываў у 365 выбарчым участку,
што блізу Старога гораду і пераканаўся, што прагнозы польскіх аналітыкаў
і журналістаў спраўджваюцца: найбольш актыўныя на выбарах – пэнсіянэры,
якія не жадаюць нейкіх зьменаў у польскай унутранай палітыцы.
Таксама пяцігадовая палітыка Аляксандра Квасьнеўскага задавальняе і
“сярэднюю” клясу. Пры Квасьнеўскім сярэдні заробак палякаў павялічыўся
ад 250 да 500 даляраў, што лічыцца някепскімі грашыма.
Натуральна, што ёсьць і тыя, якія варожа, іранічна ставяцца да фаварыта
ці ўвогуле да выбараў. Тыя маладыя людзі, да якіх я падыходзіў на вуліцах
Варшавы, ці цалкам не цікавяцца выбарамі, ці будуць галасаваць за іншых
кандыдатаў.
Першыя вынікі галасаваньня зьявяцца, паводле абяцаньняў выбарчай камісіі,
недзе ў 21 вечара. Дарэчы, за выбарамі ў Польшчы амаль ня сочаць замежныя
назіральнікі. Бо Польшча лічыцца ў сэнсе дэмакратыі беспраблемнай краінай.
Журналістаў прыехала вельмі шмат. І некаторыя ўжо пачалі сьвяткаваць
перамогу Аляксандра Квасьнеўскага.
Алег Грузьдзіловіч, Варшава
Самае папулярнае
1