Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Наш карэспандэнт па Гомельшчыне Казімер Яноўскі паведамляе пра мітынг у Гомелі, у якім удзел узялі ня менш за 1,5 тысячы чалавек, а таксама пра акцыі ў Рагачове, Мазыры і Сьветлагорску.

(Яноўскі: ) “Так. Пра гэта гаварылі і выступоўцы з нашага гораду, і госьці. У прыватнасьці, старшыня Аб”яднанай грамадзянскай акцыі Анатоль Лябедзька. Даючы дазвол на мітынг не на пляцы Паўстаньня, а каля палацу глухіх, гарадзкія ўлады спадзяваліся, што прыйдуць няшмат людзей. Аднак, напэўна, падзеі ў Югаславіі, людзей натхнілі і сюды прыйшлі ня менш за паўтары тысячы чалавек. Лёзунг акцыі – “Не – выбарчаму фарсу!” Прысутныя трымалі плякат “Нам ня трэба палатка – ні свая, ні саюзная”.

Дарэчы, адкрыў мітынг старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянская ініцыятыва” Віктар Карніенка. Выступоўцы – Юры Варонежцаў, Анатоль Паплаўны, Уладзімір Старчанка, а таксама Анатоль Лябедзька, Алесь Бяляцкі тлумачылі гараджанам, чаму нельга прызнаваць гэтыя выбары справядлівымі, сцэнар якіх даўно вызначаны. Вядома, хто будзе абраны – прызначэнцы ўлады.

Патрабаваньні гомельскіх мітынгоўцаў засьведчаныя ў рэзалюцыі, якую агучыў спадар Карніенка:

(Карніенка: ) “Рэжым Лукашэнкі не стварыў належных умоваў для правядзеньня свабодных, дэмакратычных выбараў у паўнавартасны парлямэнт. Замест гэтага нам прапаноўваюць удзел у тэатралізаваным фарсе, сцэнар якога напісаны дыктатурай”.

(Радкевіч: ) “Казімір, раскажыце, як адбываліся акцыі на Гомельшчыне. Мы ведаем, што яны былі заплянаваныя ў Мазыры, Рэчыцы, Сьветлагорску і Жлобіне. А таксама ў Рагачове. У Рагачове мясцовыя ўлады дазволу не далі. Што адбываецца там?”

(Яноўскі: ) “У Рагачове актывісты мясцовых суполак АГП, БНФ правялі пікет каля заводу “Дыяпраектар”. Маштабнай акцыі, натуральна, не атрымалася, бо збор праходзіў у атачэньні міліцыянтаў, якімі кіраваў сам палкоўнік Урублеўскі. Гэта – начальнік адзьдзелу ўнутраных справаў Рагачова. У Мазыры аб’яднаная апазыцыі адмовілася праводзіць мітынг на стадыёне. Яны прыйшлі да палацу нафтавікоў, дзе замаўлялі акцыі. Раздаваць улёткі, як прызнаўся Юрась Чаранкоў, прадстаўнік БНФ, было таксама складана. Вакол было шмат міліцыі і кіраваў, як у Рагачове, палкоўнік Рабцаў. Мітынг у Сьветлагорску ўрэшце быў дазволены, але вельмі позна. Толькі ў пятніцу. І вось такая цікавая падзея. Нягледзячы на тое, што мітынг быў дазволены, прадстаўнікі міліцыі затрымалі дваіх. А менавіта Андрэя Понасава і Алеся Шавяленку, якія ўвечары расклейвалі абвесткі пра сёньняшні мітынг. Былі складзеныя пратаколы. Што будзе далей, невядома”.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG