Чарговы скандал у агiтацыйнай кампанii ў выбарах у
гэтак званую «Палату прадстаўнiкоў»: у Берасьцi мясцовая газэта адмовiлася
друкаваць перадвыбарчую праграму аднаго зь кандыдатаў у дэпутаты, кiраўнiка
гарадзкой арганiзацыi Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыi «Народная
Грамада» Георгiя Руцкага. Рэадкцыя спаслася на тое, што тэкст публiкацыi
ня быў узгоднены ў гарадзкім выканкаме.
Георгi Руцкi быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты ў Берасьцейскай Заходняй
выбарчай акрузе №1 шляхам збору подпiсаў грамадзянаў. Старшыня мясцовае
фiлii БСДП «Народная Грамада» вырашыў скарыстацца статусам кандыдата й
надрукаваць у газэце «Вечерний Брест» сваю перадвыбарчую праграму (дарэчы,
гэтак жа паступiлi i ягоныя дзевяць канкурэнтаў у згаданай выбарчай акрузе).
Але калi спадар Руцкi падаў сваю праграму ў рэдакцыю, яму было заяўлена,
што спачатку тэкст трэба ўзгадняць зь мясцовай «вэртыкальлю» i асабiста
з кiраўнiком справамi гарадзкога выканкаму Вiктарам Харытановiчам. Спробы
лiдэра берасьцейскiх сацыял-дэмакратаў давесьцi супрацоўнiкам рэдакцыi,
што гэтае патрабаваньне супярэчыць заканадаўству, посьпеху ня мелi. Знайсьцi
на працы самога Харытановiча аказалася таксама складана — у вынiку тэкст
плянуемае публiкацыi быў адпраўлены па факсу.
Калi спадар Руцкi зноў зьявiўся ў рэдакцыi газэты «Вечерний Брест» яму
паведамiлi, што ў гарадзкім выканкаме настойлiва прапануюць унесьцi зьмены
ў зьмест перадвыбарчае праграмы. Як высьветлiлася, мясцовую «вэртыкаль»
не задавальняюць тыя моманты ў агiтацыйных матэрыялах Георгiя Руцкага,
дзе ён крытычна выказваецца пра дзейнасьць свайго канкурэнта на выбарах,
цяперашняга дэпутата «Палаты прадстаўнiкоў» Уладзiмера Плецюхова. Менавiта
Плецюхова называюць у гэтай акрузе кандыдатам ад гэтак званае партыi ўлады.
Спадар Руцкi адмовiўся зьмяняць зьмест сваёй праграмы i пакiнуў яе ў рэдакцыi
ў першапачатковым выглядзе.
У чарговым нумары газэты былi зьмешчаныя перадвыбарчыя матэрыялы ўсiх
кандыдатаў у гэтай акрузе, акрамя Георгiя Руцкага. Пад ягоным фатаздымкам
i бiяграфiчнымi зьвесткамi зьявiлася тлумачэньне: быццам бы актывiст «Народнае
Грамады» своечасова не падаў у рэдакцыю тэкст сваёй праграмы.
Георгi Руцкi лiчыць гэтыя дзеяньнi мясцовае «вэртыкалi» й падкантрольных
ёй сродкаў масавай iнфармацыi грубым парушэньнем закону, i фактычным увядзеньнем
цэнзуры. Як стала вядома, у Берасьцi практычна ўсiх кандыдатаў у дэпутаты
забавязваюць узгадняць у гарадзкім выканкаме свае выступы ў друку.
Алег Супрунюк, Берасьце
Самае папулярнае
1