Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Палітычны крызыс у Югаславіі паглыбляецца. Сёньня Канстытуцыйны суд фэдэрацыі разглядае скаргу апазыцыі на масавыя парушэньні ў часе выбараў 24-га кастрычніка, у прыватнасьці, на наладаваньне скрыняў фіктыўнымі галасамі косаўскіх албанцаў.

Прыхільнікі дэмакратычнай апазыцыі працягваюць маніфэстацыі, страйкі і блякады, сэрбскія ўлады абвесьцілі вышук на арганізатараў 5-дзённага страйку ў найбуйнейшай шахце краіны і зьбіраюцца пакараць іх за падрыўную дзейнасьць…

Дзясяткі тысячаў чалавек удзельнічалі ўчора ў дэманстрацыях у Бялградзе, Новым Садзе ды іншых сэрбскіх гарадох. Іхнае дамаганьне нязьменнае: ніякай другога туру галасаваньня. Мілошавіч павінен прызнаць сваю паразу ў першай туры і сысьці.
Як ужо паведамлялася, югаслаўскую апазыцыю падтрымліваюць заходнія дзяржавы. Учора ў часе першых тэлевізыйных дэбатаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША, на тэму сытуацыі ў Югаславіі выказалі свой пункт погляду і Альбэрт Гор, і Джордж Буш. На пытаньне, ці ён лічыць мэтазгодным ужыцьцё Злучанымі Штатамі ваеннай сілы для адстаўкі Мілошавіча Эль Гор адказаў:

(Гор: ) “У цяперашняй сытуацыі – не. На маю думку, мы павінны скарыстаць іншыя сродкі ўзьдзеяньня, кшталу санкцыяў. І сэрбскі народ ведае, што ён пазьбегне гэтых санкцыяў, калі Мілошавіч аддасьць уладу. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб волевыяўленьне народу зьдзейсьнілася, і я думаю, што ён хутка будзе адхілены ад пасады”.

Сказаў Эл Гор. Ягоны контр-кандыдыт на пасаду прэзыдэнта ЗША Джордж Буш-малодшы падкрэсьліў, што ў разьвязцы югаслаўскага крызысу большую ролю павінна адыграць Расея.

(Буш: ) “Гэта надзвычай спрыяльны момант для расейскага ўмяшаньня на Балканах, для таго, каб пераканаць Мілошавіча, што ў інтарэсе краіны і ўласным ён павінен пакінуць пасаду”.

Дарэчы, учора Белы Дом выказаў спадзяваньне, што Масква дапаможа паставіць Мілошавіча перад міжнародным судом па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах. Аднак сёньня Ваіслаў Каштуніца паўторна заявіў, што ня выдасьць Мілошавіча Міжнароднаму трубуналу ў Гаазе, бо гэта “палітычная, а не юрыдычная ўстанова”.

Што тычыцца Расеі, ролю якой відавочна дацэньваюць Злучаныя Штаты, дык яна далей гатовая пасярэднічаць у разьвязцы палітычнага крызысу ў Югаславіі і прапануе Мілошавічу ды Каштуніцы прыбыць на перамовы ў Маскву.

Аднак згодна апошняй заяве Мілошавіча, ён відавочна пераходзіць у контр-наcтуп і ня мае намеру аддаваць уладу. Дзяржаўнае тэлебачаньне апублікавала грознае папярэджаньне: “Любая спроба падрыўной дзейнасьці, якая пагражае асабістай альбо матэрыяльнай бясьпецы грамадзянаў, будзе перасякацца”. Усе страйкі і блякады вулічнага руху былі аб’яўленыя нелегальнымі, а ў дачыненьні да арганізатараў гэтых злачынных дзееньняў урад прыгразіў спэцыяльнымі крокамі. Улады пачалі прывозіць аўтобусамі зь вёсак у Бялград прыхільнікаў Мілошавіча, што апазыцыйны лідэр Нэбойша Човіч назваў “падрыхтоўкай да грамадзянскай вайны”. Учора вечарам паліцыя перагарадзіла дэманстрантам дарогу, калі яны накіраваліся да хаты прэзыдэнта ў прыгарадзе Бялграду і разбурыла вулічныz барыкады. Паліцыянты затрымалі таксама некалькі студэнцкіх дзеячоў, лідэра прафсаюзу кіроўцаў публічнага транспарту і пачала паляваньне за іншымі дзеячамі апазыцыі.

Паводле газэты Washington Post, зараз узьнікае асноўнае пытаньне: ці гісторыя паўторыцца, ці Мілошавіч пойдзе на сілавую расправу над апазыцыяй, і ці падтрымаюць яго дагэтуль верныя армія, служба бясьпекі і паліцыя?

Паводле аўтара артыкулу Джэфрэя Сьміта, хаця папулярнасьць Мілошавіча ў грамадзтве зьмяншаецца, аднак ляяльнасьць сілавых структураў, на якіх абапіралася ягоная ўлада з 89-га году, не падлягае сумневу. З другога боку, на мінулым тыдні галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі генэрал Павковіч выказаў думку, што “армія не павінна ўмешвацца ў выбарчы тупік”.

Washington Post цытуе аўтара чатырох кніжак пра Мілошавіча –Славалюба Джукіча, які лічыць, што Мілошавіч відавочна вырашыў бараніць сябе й сваю ўладу. На думку Джукіча, ён ніколі не паслухае вулічных заклікаў “Забі сам сябе і выратуй Сэрбію”, маючы на ўвазе факт, што бацькі Мілошавіча кончылі жыцьцё самагубствам. На пытаньне, чым можа закончыцца югаслаўскі крызыс, Джукіч адмовіўся ад якіх-небудзь прагнозаў, паколькі на ягоную думку Мілошавіч непрадказальны.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG