Аб’яднаная апазыцыя плянуе правесьці 8 кастрычніка акцыі пратэсту ў
23 буйных гарадох Беларусі. Мяркуецца, што гэтыя акцыі стануць сваеасаблівым
працягам менскага “Маршу Cвабоды”. Распавядае адзін з каардынатараў акцыяў
апазыцыі ў рэгіёнах Юры Хадыка.
Восьмага кастрычніка лідэры ўсіх апазыцыйных партыяў, што ўваходзяць
у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, правядуць у рэгіёнах. На гэты
дзень у 23 гарадох Беларусі апазыцыя заплянавала шэраг акцыяў пратэсту
супраць выбарчага фарсу, за свабодныя і справядлівыя выбары. Пра тое, як
будуць праходзіць гэтыя апазыцыйныя акцыі, распавядае намесьнік старшыні
партыі БНФ, прафэсар Юры Хадыка:
(Хадыка: ) “Мэта масавых акцыяў – вывесьці гэтую кампанію па-за межы
выключна Менска. У вабласных цэнтрах, а тым больш у раённых гарадох улады
больш эфэктыўна супрацьдзейнічаюць арганізацыям масавых акцыяў.
Байкот можа быць пасьпяховым у тым выпадку, калі ў 37 акругах выбары
не адбудуцца. Таму і было вырашана, што пасьля акцыі ў Менску 1 кастрычніка
мы правядзем масавыя акцыі ў 23 буйнейшых гарадох Беларусі. Я, напрыклад,
еду ў Берасьце – верагодней за ўсё, разам з Паўлам Данэйкам з АГП і Станіславам
Шушкевічам”.
(Кар.: ) “У якіх гарадох улады ўжо далі дазвол на правядзеньне акцыяў
8 кастрычніка?”
(Хадыка: ) “Зь Берасьця мне паведамілі, што ёсьць такі дазвол. Наконт
астатніх я ня маю дакладнай інфармацыі, таму што, як звычайна, улады цягнуць
да апошняга моманту, а сёньня – апошні дзень, калі можна выдаць гэтыя дазволы”.
(Кар.: ) “А калі ўлады не дадуць дазволу на правядзеньне такіх акцыяў
– ці будзе апазыцыі праводзіць іх нелегальна?”
(Хадыка: ) “Я думаю, што будзе…”
(Кар.: ) “Гэта будуць маніфэстацыі, мітынгі, ці якаясьці іншая форма
мерапрыемстваў?”
(Хадыка: ) “Гэта будзе залежаць ад таго, ёсьць дазвол ці не. Калі ёсьць
дазвол, то будуць абавязкова шэсьці і мітынгі. Калі ж дазволу фармальна
ня будзе, то магчыма, што толькі мітынг”.
(Кар.: ) “А ці будуць, на вашую думку, гэтыя акцыі пасьпяховымі – беручы
пад увагу тое, што нядзельны Марш Свабоды ў Менску сабраў ня надта вялікую
колькасьць удзельнікаў?”
(Хадыка: ) “Посьпех акцыі не вызначаецца выключна колькасьцяй удзельнікаў.
Ён ацэньваецца адпаведнасьцяй вынікаў тым задачам, якія ставіліся. Наша
мэта – стварыць спрыяльныя ўмовы для правядзеньня масавых акцыяў у тых
гарадох Беларусі, дзе яны да сёньняшняга дня сутыкаліся зь вялікімі цяжкасьцямі.
Мы правялі, можна сказаць, амаль узорную акцыю – для таго, каб даць аргумэнты
нашым аднадумцам у гарадох Беларусі, каб яны, у сваю чаргу, атрымалі такі
дазвол. Таму што людзі ідуць на акцыі ў першую чаргу тады, калі яны ўпэўненыя,
што ня будзе міліцыя біцца”.
Гэта быў намесьнік старшыні БНФ і адзін з каардынатараў рэгіянальнай
акцыі апазыцыі 8 кастрычніка Юры Хадыка.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1