Вышэйшая Рада Лібэральна-Дэмакратычнае партыі прыняла рашэньне завяршыць
удзел у выбарчай кампаніі 16 кастрычніка ды зьняць усіх сваіх кандыдатаў, што
пройдуць у другі тур.
Вышэйшая Рада Лібэральна-Дэмакратычнае партыі ўпэўненая, што вынікі
выбараў у “Палату прадстаўнікоў” загадзя вядомыя — што яны будуць сфальшаваныя
на карысьць кандыдатаў ад улады. Таму ЛДПБ і прыняла рашэньне адклікаць
сваіх кандыдатаў адразу пасьля першага туру галасаваньня. Гэта, натуральна,
датычыць тых кандыдатаў, якія пройдуць у другі тур.
Гаворыць лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч:
(Гайдукевіч:) ”Мы адыходзім з 16-га, значыць, мы правядзем усю кампанію
– ілжэ-кампанія ўся будзе паказаная дасканальна дакумэнтальна. Альбо –
што для мяне як фантастыка – улада павінна ў акругах спыніць фальсыфікацыю”.
Сяргей Гайдукевіч не хавае, што ў пэўным сэнсе гэта — і тактычны ход
ягонае партыі, каб неяк паўплываць на ўладу, прымусіць яе падумаць, у якіх
маштабах праводзіць фальшаваньне…
(Гайдукевіч:) ”Мы спадзяемся на тое, што мы зможам людзям данесьці.
І ці зможа цяпер выканаўчая вэртыкаль, ці настолькі яна моцная, каб ва
ўсіх акругах здолець зрабіць фальсыфікацыю? Вось тут мы ім бой дамо, па
поўнай праграме.”
Важны вынік свайго ўдзелу ў гэтай кампаніі лібэрал-дэмакраты бачаць
у тым, каб правесьці маніторынг парушэньняў і паведаміць пра іх міжнародным
назіральнікам. У ЛДПБ для гэтага дастаткова сяброў. Гэтая партыя вылучае
на выбарчыя ўчасткі, паводле словаў спадара Гайдукевіча, 23.800 назіральнікаў.
Лідэр іншай апазыцыйнае партыі, што бярэ ўдзел у выбарах — ПКБ, Сяргей
Калякін, гаворыць толькі пра 3.000 назіральнікаў ад сваёй партыі. Сяргей
Калякін таксама зазначае, што кандыдаты ад улады пад час агітацыі маюць
перавагу:
(Калякін:) “Па вялікім рахунку, улада спрабуе правесьці сваіх, таму,
дзе магчыма, перашкаджаюць, тармозяць, не дапускаюць. Але ў цэлым я б не
сказаў, што ёсьць нейкія надзвычайныя сытуацыі і праблемы”, — сказаў далей
Сяргей Калякін. — “Ніякага напалу эмоцыяў няма, нейкі вялы працэс. Я ня
бачу, каб у СМІ людзей настройвалі на тое, што трэба йсьці галасаваць.
Гэтая кволая кампанія на ўзроўні, напэўна, таго, што адбывалася ў часе
выбарчае кампаніі ў мясцовыя саветы”, — адзначыў Сяргей Калякін.
Сяргей Гайдукевіч ды многія іншыя ўдзельнікі гэтае кампаніі згодныя
з падобным меркаваньнем.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1