Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Раду Бясьпекі ААН паступіла рэзалюцыя з заклікам даслаць 2 тысячы вайсковых назіральнікаў ААН дзеля аховы цывільнага насельніцтва на палестынскіх тэрыторыях.

З заклікам, выступіла кіраўніцтва палестынскай аўтаноміі пры падтрымцы з боку арабскіх краінаў. Аднак, гэтая ідэя сутыкнулася з рэзкім супрацівам з боку самога Ізраіля і тых сябраў Рады Бясьпекі, якія разьмяшчэньне міратворцаў бяз згоды Тэль-Авіву лічаць нерэальным. З працягам гвалту на Блізкім Усходзе супаў урадавы крызіс ў самым Ізраілі.

Праект рэзалюцыі прадставіў палестынскі назіральнік ў Радзе Бясьпекі Насэр-Аль-Кідва. У дакумэнце заклікаецца неадкладна спыніць гвалт, а таксама адмовіцца да празьмеранага ўжыцьця Ізраілем сілы. Міністар юстыцыі Ізраіля Ёссі Бэйлін заявіў, што ня бачыць ніякай прычыны для таго, каб у рэгіёне былі разьмешчаныя міжнародныя сілы, як элемэнт ўсеагульнага мірнага пагадненьня. На ягоную думку, гэта дурасьць – пасылаць міратворцаў туды, дзе бакі павінны сесьці за стол перамоваў і аднавіць мірны працэс.

На баку Ізраіля сталі таксама іншыя сябры Рады Бясьпекі ААН. Супраць разьмяшчэньня міратворцаў пасьлядоўна выступаюць Злучаныя Штаты, якія ў выпадку галасаваньня ў Радзе Бясьпекі абяцалі накласьці вэта. Таксама іншыя сябры Рады Бясьпекі: Францыя, Велікабрытанія, Галяндыя і Канада заявілі, што не падпішуцца пад такой рэзалюцыяй бяз згоды Ізраіля.

Разам з пачаткам мусульманскага посту – Рамадану – назіраецца некаторае зьмякчэньне гвалту, але спарадычныя сутычкі і забурэньні працягваюцца. Учора загінулі яшчэ двое палестынцаў, а таксама быў цяжка паранеы адзін ізраільцянін. Агульная колькасьць забітых склала 280 чалавек.

У аўторак, апярэдзіўшы парлямэнцкія дэбаты на гэты конт, прэм’ер Ізраіля Эхуд Барак згадзіўся правесьці ў краіне датэрміновыя выбары, якія маглі б адбыцца вясною. Гэта было б усяго праз два гады пасьля апошніх выбараў. Некалькі тыдняў Барак пераконваў лідэра правай партыі Лікуд Арыеля Шарона стварыць новы – крызісны – габінэт, аднак той адмаўляўся. Узамен за падтрымку Шарон дамагаўся ад Барака адмаўленьня ад усіх ранейшых саступак палестынцам.

Учора Шарон неспадзявана выказаўся за дыялёг з прэм’ерам і за стварэньне “ ураду нацыянальнага адзінства, надзеленага надзвычайнымі паўнамоцтвамі”, які кіраваў бы краінай да часу выбараў. Міністар замежных справаў Ізраіля Шломо Бэн-Амі лічыць, што выбары будуць своеасаблівым рэфэрэндумам, у якім людзі выкажуць сваё стаўленьне да мірнага працэсу і дагавору з палестынцамі.

У адказ на зьвесткі пра датэрміновыя выбары іншыя палестынскія лідэры заклікалі Ізраіль зьмяніць сваю палітыку ў дачыненьні да акупаваных тэрыторыяў. “Для палестынцаў няважна, ці на месцы застанецца той самы ўрад, ці наступіць зьмена кіраўнічай каманды. Для нас істотная зьмена ізраільскай палітыкі,” – заявіў палестынскі міністар інфармацыі Ясір Абэд Раббо. На ягоную думку, Ізраіль пайшоў усяго толькі на касмэтычныя зьмены, каб выйсьці зь цяперашняга крызісу. Аднак, такія крокі не прывядуць да аздараўленьня сытуацыі, і, найперш, да скасаваньня прычынаў,” – сказаў палестынскі міністар.

Старшыня палестынскай дэлегацыі на перамовах з Ізраілем Саэб Эрэкат заявіў: “Спадзяемся, што выбарчая кампанія ў Ізраілі ня будзе праводзіцца за кошт палестынскай крыві”. Сябра дэлегацыі Набіль Шаат не выключыў магчымасьці дасягненьня мірнага пагадненьня яшчэ перад выбарамі ў Ізраілі. “ Барак мае яшчэ да гэтага часу шэсьць месяцаў і калі толькі захоча, ён можа спыніць гвалт і зьмяніць сваю палітыку.

У аўторак, прэм’ер Ізраіля Барак ня выключыў магчымасьці вяртаньня да стала перамоваў, хаця й не любою цаною. Скэптычна паставіўся да такой магчымасьці палестынскі міністар працы Аззам Аль Ахмэд. “На маю думку, у бліжэйшы час будзем сьведкамі поўнага замарожаньня мірнага працэсу і эскаляцыі напружанасьці,” – адзначыў міністар.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG