Беларускія жанчыны, занятыя ў сфэры сэкс-індустрыі, умацавалі свае пазыцыі
ў краінах Заходняй Эўропы. Статыстыка сьцьвярджае, што бальшыня зь іх знаходзіцца
ў Бэльгіі, Нідэрляндах ды Люксэмбургу. Сярод іх ёсьць вялікая колькасьць
маладых дзяўчатаў, якія трапілі ў замежжа шляхам падману. Яны сталі ахвярамі
“чорнага бізнэсу” — гандлю людзьмі.
У замежныя бардэлі беларускія кабеты трапляюць з розных прычынаў. Ёсьць
пэўная колькасьць жанчынаў, якія сьвядома абралі гэты бізнэс, але амаль
палова маладзіцаў шукалі сабе іншую працу ў замежжы, а на самрэч трапілі
ў рукі гандляроў людзьмі. Пра тое, як гэта адбываецца часьцей за ўсё, распавяла
радыё Свабода адна з гэтых ахвяраў, Эва:
(Эва: ) “Было мне 19 гадоў, і аднойчы, выпадкова, у газэце я знайшла
аб’яву. Там было напісана: “Праца для дзяўчыны ў Галяндыі”. Я патэлефанавала
па тым нумары, са мной размаўляў мужчына, абяцаў добрую працу ў Галяндыі
і добры заробак. Вельмі прыгожа апісаў мне тую працу, якая гэта будзе сям’я.
Абяцаў, што буду даглядаць дзіця, гатаваць ежу і прыбіраць у пакоях. Калі
я прыехала ў Галяндыю, высьветлілася, што будзе другая праца. Мне паведамілі,
што тая сям’я, якая шукала дзяўчыну, ужо знайшла. І я павінная была пачакаць,
пакуль мне знайдуць наступную сям’ю. Але мне сказалі, што проста так мяне
ня будуць карміць. За гэта трэба плаціць. І прапанавалі яшчэ адзін варыянт
– працу ў начным клюбе…”
(Карэспандэнт: ) “Эва далей распавяла сваю гісторыю…”
(Эва: ) “Я баялася, я была адна ў чужой краіне. Мужчына – гэта быў турак
- пасадзіў мяне ў машыну і павёз. Там жыла два дні, і ня ведала, што са
мной будзе далей. Турак быў вельмі сталага ўзросту, паведаміў мне, што
завязе мяне ў начны клюб. І выканаў сваё абяцаньне. Гэты клюб аказаўся
звычайным бардэлем. Было вельмі страшна… Жанчына – галоўная ў тым бардэлі
– паведаміла мне, што я буду рабіць. Паказала мне ўсе пакоі. Жанчына патлумачыла,
што трэба прыбрацца так, каб цікавіліся мужчыны. Мне далі такі сарафан
з дэкальтэ, усё было адкрыта. Мяне тады заўважылі два хлопцы і сказалі,
што я тут раблю. Калі я расказала ім гісторыю, яны прапанавалі мне ўцякаць.
Для мяне гэта было адзінае выйсьце”.
Гэтыя хлопцы выкралі пашпарт дзяўчыны й завезьлі яе ў Польшчу. Дзяўчына
паведаміла, што шмат нашых кабетаў трапляюць у такое становішча, але мала
каму зь іх удаецца зьбегчы ад сваіх вартаўнікоў. Многія жанчыны спадзяюцца
на паліцэйскія аблавы. Тады ёсьць шанец трапіць у паліцэйскі дэпартамэнт
за нелегальную працу й парушэньне візавага рэжыму, за што эміграцыйныя
службы дэпартуюць іх на радзіму.
Паліцэйскія абураюцца, што беларускія амбасады ў такіх выпадках амаль
ніколі не дапамагаюць сваім суайчыньніцам. На радзіме дэпартаваныя жанчыны
намагаюцца як мага хутчэй зьмяніць мейсца жыхарства. Нашая знаёмая Эва
патлумачыла чаму:
(Эва: ) “Увесь той час тыя людзі званілі мне дадому – да маці, да бацькі.
Яны гаварылі, што я павінная аддаць ім вялізную суму – 4 тысячы даляраў.
Яны пагражалі маім бацькам, што са мной расправяцца, што ў мяне будуць
праблемы”.
Кабеты хаваюцца ад гандляроў людзьмі, бо гэтыя крымінальнікі здольныя
на ўсё, каб зьвесткі пра іх ня трапілі ў праваахоўныя ворганы. Жанчыны
паведамілі нашаму радыё, што ведаюць выпадкі, калі тыя, хто зьвярнуўся
ў пракуратуру па дапамогу, пасьля гэтага зьніклі. Натуральна, астатнія
баяцца, таму што беларускае заканадаўства не прадугледжвае практыкі абароны
сьведкі, як, напрыклад, амэрыканскае. А праваахоўныя ворганы Беларусі не
імкнуцца самі распачынаць такія справы, бо скіраваныя на барацьбу з сутэнэрамі
ў межах сваёй краіны.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1