Прэм’ер-міністр Ізраілю Эхуд Барак заявіў у парлямэнце краіны, што вясной
наступнага году ў краіне адбудуцца пазачарговыя парляманцкія выбары…
Паводле ізраільскага выбарчага закону, Барак павінен быў заставацца
пры ўладзе 4 гады. Ён, аднак, вымушаны быў абвесьціць правядзеньне пазачарговых
парлямэнцкіх выбараў 17 месяцаў пасля сваёй упэўненай выбарчай перамогі
над былым прэм’ерам Бэньямінам Натаньягу.
Зрабіць падобны крок Барака прымусіў перш за ўсё крызіс у палестына-ізраільскіх
адносінах. Мірны працэс на Бліскім Усходзе практычна прыпынены. Замест
перамоваў другі месяц запар ідзе неабвешчаная вайна паміж ізраільскай арміяй
і палестынскімі дэманстрантамі, якіх даволі часта падтрымлівае палестынская
міліцыя.
На сёньняшні дзень у сутычках загінула каля 290 чалавек, пераважна палестынцаў.
Пазыцыя Барака і ягонага ўраду была нагэтулькі хісткая, што падчас галасаваньня
ў кнэсеце ў справе правядзеньня пазачарговых выбараў “за” галасавалі 79
дэпутатаў са 120 сяброў ізраільскага парлямэнту.
Мясцовыя палітычныя аглядальнікі сьцьвярджаюць, што калі б Барак сам
не выступіў зь ініцыятывай новых выбараў, яго б прымусіў гэта зрабіць кнэсэт.
Вотум недаверу ягонаму ўраду ўжо рыхтаваўся.
“Я не сьляпы, - заявіў у парлямэнце Барак, - я бачу, што кнэсэт хоча
новых выбараў… І таму я падкрэсліваю: калі вы хочаце выбараў, я гатовы
абвесьціць іх правядзеньне. Дасюль я выйграваў усе выбары, у якіх я ўдзельнічаў”.
Барак таксама заявіў, што прыступае да кансультацыяў з прадстаўнікамі
іншых палітычных партыяў у справе даты правядзеньня выбараў. Пакуль што
ў кулуарах кнэсэту гавораць аб красавіку ў якасьці магчымай даты выбараў.
Барак ня вельмі сьпяшаецца, таму што хоча паспрабаваць урэгуляваць крызіс
з палестынцамі і такім чынам аднавіць свой аўтарытэт у грамадзтве.
Вынікі апытаньня грамадзкай думкі Ізраілю выразна не на карысць Эхуда
Барака. Калі б выбары адбыліся цяпер, яго б на выбарах прэм’ер-міністра
краіны перамог бы ня толькі былы прэм’ер Бэньямін Натаньягу перавагай у
20% галасоў, але таксама й цяперашні лідэр галоўнай апазыцыйнай партыі
Лікуд Арыэль Шарон, зь перавагай у 10% галасоў.
Натаньягу пасля адчувальнай паразы на выбарах паўтара гаду таму падаў
у адстаўку з пасады лідэра Лікуда адыйшоў ад палітыкі. Ён не ўваходзіць
нават у склад парлямэнту. Каб зноў удзельнічаць у выбарах прэм’ера, яму
неабходна выйграць партыйныя праймарыз у Шарона, які ўжо заявіў, што хоча
выставіць сваю кандыдатуру на пасаду прэм’ера краіны.
Палітычныя камэнтатары Ізраілю адзначаюць, што справа з пазачарговымі
выбарамі яшчэ не вырашаная канчаткова. Каб стаць законам, законапраект
аб пазачарговых выбарах павінен яшчэ двойчы чытацца ў кнэсэце. На гэта
пойдзе як мінімум месяц. І Барак мае магчымасць з дапамогай замірэньня
з палестынцамі ўратаваць свой меншасны кабінэт міністраў.
Мікола Іваноў, Прага
Самае папулярнае
1