Надзвычайны факт міліцэйскага свавольства адбыўся днямі ў Ганцавічах.
Без аніякай санкцыі й ордэра ахоўнікі правапарадку канфіскавалі ў мясцовага
актывіста дэмактратычнага руху Пётра Гузаеўскага кампутарную тэхніку ды
іншую маёмасьць.
Кампутарнае абсталяваньне Пётра Гузаеўскі атрымаў паводле дамовы ад
Берасьцейскага Цэнтру “Вежа” ды захоўваў на прыватнай кватэры. Туды й завітаў
участковы Мікалай Рабцэвіч разам са сваімі падначаленымі.
Доўга не разбіраючыся, міліцыянты пачалі складаць пратакол. Разам
з кампутарам яны забралі і ўсё астатняе, што толькі падалося ім крамольным:
розныя апазыцыйныя выданьні ды арыгінал-макет інфармацыйнага бюлетэня “Наша
Ганцаўшчына”, выпуск якога Пётра Гузаеўскі зьбіраўся наладзіць. Менавіта
гэта і стала прычынай, каб інкрымінаваць Пятру артыкул 172 Адміністрацыйнага
кодэксу “Незаконны выраб і распаўсюджваньне сродкаў масавай інфармацыі”.
У той жа дзень пратакол, а таксама ўсё канфіскаванае, было перададзена
ў Ганцавіцкі суд, які ўжо ў панядзелак распачаў разгляд справы. Аднак грамадзкаму
абаронцу ад Беларускага Гэльсынскага Камітэту Юрыю Бунееву без асаблівых
цяжкасьцяў удалося пераканаць судзьдзю Воўчыка ў тым, што дзеяньні міліцыянтаў
былі абсалютна незаконнымі.
Па-першае, паводле вышэй названага артыкулу не прадугледжана аніякай
канфіскацыі. Па-другое, складаньне пратаколу на незаконны выраб і распаўсюджваньне
сродкаў масавай інфармацыі можа зьдзейсьняць толькі асоба, упаўнаважаная
на гэта мясцовым саветам.
Урэшце, абсалютна беспадстаўна інкрымінуецца і сам 172 артыкул, бо без
ніякай рэгістрацыі можна выдаваць і распаўсюджваць любы бюлетэнь ці газэту
накладам да трохсот асобнікаў. Гэтых аргумэнтаў аказалася дастаткова і
судзьдзя вярнуў і сам пратакол, а ўсё канфіскаванае назад - у раённы аддзел
унутраных справаў.
Сёньня начальнік Ганцавіцкага РАУС Уладзімір Вішнявецкі адмовіўся па
тэлефоне даць мне камэнтар да гэтых падзеяў. Ёсьць аднак зьвесткі, што
міліцыянты цяпер і самі ня ведаюць, што рабіць, каб неяк выйсьці з таго
становішча, у якое патрапілі з-за свайго самавольства.
Алесь Горбач, Ганцавічы
Самае папулярнае
1