У Горадні ў цэнтры гораду зьявіўся вялікі драўляны
крыж. Ён пастаўлены на тым месцы, дзе дакладна 39 гадоў таму быў зруйнаваны
гатычны касьцёл — славутая Фара Вітаўта. Дазволу ўладаў на ўсталяваньне
крыжа не было.
Крыж зьявіўся ўначы. Гараджане, калі зрабілася сьветла, заўважылі яго,
сталі спыняцца, яны падыходзілі да крыжа й чыталі шыльдачку на ім. Нехта
запаліў сьвячу, паставіўшы на зямлю перад крыжом.
Крыж вялікі — вышынёю каля чатырох мэтраў. На ім прымацаваны бел-чырвона-белы
пас, нібыта распнуты сьцяг. На шыльдачцы па-беларуску напісана, што на
гэтым месцы ў 1961-м годзе была ўзарваная сьвятыня зямлі нашай — Фара Вітаўта
— помнік архітэктуры XIV–XVI стагодзьдзяў. Барбарства зьдзейсьнена камуністычным
рэжымам. Мы верым, — напісана далей, — што крыжы касьцёла ўзьнясуцца над
нашым горадам…
Улады пакуль ніяк не адрэагавалі. На месца паглядзець асабіста прыходзіў
намесьнік старшыні гарадзкога выканкаму Яўген Жабрун. У другой палове дня
крыж яшчэ стаяў.
Старэйшыя жыхары гораду добра памятаюць здарэньне, якое адбылося а палове
на другую гадзіну ўначы з 28 на 29 лістапада 39 гадоў таму. Брыгада падрыўнікоў
прыбыла з Ленінграду, кіравала ёю жанчына. Мясцовыя ўлады вырашылі пачаць
зьнішчэньне касьцёлаў, якімі вылучаўся горад, менавіта з самага старадаўняга.
Марыя Гратулевіч, якая даглядала суседні — цяперашні Фарны касьцёл,
успамінае, што пасьля выбуху, калі храм абрынуўся, крыж, упаўшы згары,
уторкнуўся ў зямлю і застаўся стаяць. Вернікі палічылі гэта за добры знак,
успрынялі яго як надзею на тое, што хрысьціянская вера ўсё адно застанецца
тут.
Сяргей Астраўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1