Прадстаўнікі партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных
сілаў, адзначаюць 80-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. Сёньня, у дзень
пачатку Слуцкага паўстаньня, у штаб-кватэры партыі БНФ наладзілі ўрачыстае
паседжданьне і юбілейны канцэрт.
Сёньняшнія ўрачысты сход і канцэрт ёсьць працягам сьвяткаваньня 80-х
угодкаў збройнага чыну, якое пачалося ўчора ў Слуцку, Семежаве, Вызьне
й Грозаве — месцах, дзе ў лістападзе–сьнежні 1920 году йшлі найбольш жорсткія
баі стральцоў Беларускае Народнае Рэспублікі з бальшавікамі.
Паводле словаў адказнага сакратара ўправы партыі БНФ Аляксея Кавальца,
які ёсьць адным з арганізатараў сёньняшняй імпрэзы, рашэньне пра сьвяткаваньне
80-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну было прынята лідэрамі Каардынацыйнае
рады дэмакратычных сілаў. Лідэры аб’яднанай апазыцыі лічаць, што 80-ы юбілей
збройнага чыну варты таго, каб шырока адзначыць яго. На думку арганізатараў
сьвяткаваньня, гэтая дата мае сёньня ня толькі гістарычны аспэкт.
Гаворыць адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец:
(Кавалец: ) “80-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ў нашым кантэксьце
– вельмі важнае сьвята, таму што ёсьць нагода ўспомніць, што за Беларусь
нашыя продкі змагаліся і аддалі свае жыцьці за тое, каб Беларусь была вольная.
Таму аб’яднаная каліцыя прыняла рашэньне больш шырока сёлета сьвяткаваць
80-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну. У палітычным кантэксьце гэтае сьвята
важнае, зважаючы на тое, што сёньня адбываецца. Сёньня ўжо зьнятыя ўсе
– хоць яны былі ня шчырымі беларусамі, але ж па паходжаньні беларусамі,
і ў сілавыя структуры прызначаюцца людзі з Масквы. Таму сьвята мае і палітычны
кантэкст”.
Паведаміў спадар Кавалец.
Як паведаміла сябра камісіі ў справах культуры партыі БНФ Ірына Мазюк,
у праграме сёньняшняй імпрэзы выстава твораў вядомага мастака Алеся Пушкіна,
прысьвечаных тэме збройнае барацьбы случакоў, выстава дакумэнтаў пэрыяду
Слуцкага паўстаньня, выступы вядомых беларускіх гісторыкаў, апазыцыйных
палітыкаў, а таксама бардаў і фальклёрных калектываў, якія выконваюць песьні,
што ў 1920 годзе сьпявалі слуцкія паўстанцы.
Сьвяткаваньне 80-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну працягнецца да 1
сьнежня і скончыцца дэманстрацыяй у сталічным кінатэатры “Зьмена” дакумэнтальнага
фільму пад назваю “Рэха Слуцкага збройнага чыну”.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1