“Для ізраільцаў гэта – справакаваныя палестынцамі гвалт і забурэньні;
для палестынцаў, гэта – вызвольная барацьба супраць незаконнай акупацыі”.
Так характарызуе сутнасьць цяперашняга палестынска-ізраільскага канфлікту
газэта The International Herald Tribune…
“Учора Эгіпет адклікаў свайго пасла ў Ізраіля, чым нанёс вялікі дыпляматычны
ўдар па габрэйскай краіне,” – гаворыць пра міжнародную рэакцыю на падзеі
ў рэгіёне Financial Times.
У панядзелак, у адказ на тэрарыстычны напад на школьны аўтобус гэбрайскіх
пасяленцаў, у выніку якога двое дарослых загінулі, і некалькі дзяцей былі
параненымі, ізраільскія гэлікоптары атакавалі палестынскія аб’екты ў Сэктары
Газа. “Калі мэта бамбаваньня была ў тым, каб спыніць палестынскія напады
на ізраільцаў палестынскага рэгіёну, – піша The International Herald Tribune,
– то гэта наўрад ці можна назваць посьпехам”.
Праз гучнагаварыльнік, побач са збамбаваным офісам палестынскай групоўкі
Фатах, дыктар заклікае палестынцаў працягваць узброенае паўстаньне, а 15-гадовы
паранены ў нагу хлопец зь лякарні ў Сэктары Газа заяўляе: «Я не шкадую.
Гэта – у імя маёй Радзімы, у імя Ерусаліму».
«Гэтыя словы, – піша газэта, – падводзяць вынік пад той вялікай прорвай
паміж ізраільцамі і палестынцамі пасьля сямі тыдняў гвалту, які забраў
больш чым 250 жыцьцяў, 90% зь якіх – палестынцы».
І ўсё ж, палестынцы разьлічваюць на посьпех. Яны спадзяюцца, што дастатковая
колькасьць нападаў змусіць ізраільцаў пакінуць гэтыя тэрыторыі.
У сваю чаргу, тысячы ізраільскіх вайскоўцаў разгорнутыя ў палестынскіх
рэгіёнах Заходняга Берагу Ярдану і ў Сэктары Газа. Іхная задача – абараніць
гэбрайскіх пасяленцаў, што жывуць на гэтых тэрыторыях і чые паселішчы сталіся
цэнтрамі шматлікіх крывавых сутычак.
На знак пратэсту супраць бамбаваньня ізраільскімі гэлікоптарамі палестынскіх
аб'ектаў, Эгіпет адклікаў свайго пасла ў Ізраілі Мухамэда Басьюні.
«Міністар замежных справаў Эгіпту Амр Муса, сярод іншых падставаў гэтага
кроку, назваў і бязплённыя спробы эгіпэцкага пасярэдніцтва, у справе разьвязаньня
сытуацыі мірным шляхам,» – паведамляе Financial Times.
Гэты крок Эгіпту, канстатуе газэта, павялічыў ізаляцыю Ізраілю ў рэгіёне,
калі згадаць, што ў апошнія тыдні Катар, Аман, Туніс і Марока парвалі ўсе
стасункі ніжэйшага рангу з Ізраілем.
Адзіная арабская дзяржава рэгіёну, якая мае мірную дамову з Ізраілем
– Ярданія – не накіравала свайго новага пасла ў Тэль-Авіў і запатрабавала,
каб ізраільскі пасол пакінуў ярданскую сталіцу.
Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
Самае папулярнае
1