Два тыдні таму мы паведамлялі пра сытуацыю, у якой
апынулася на Поўначы Расеі вялікая колькасьць нашых землякоў. У прыватнасьці,
гэта тыя, хто трапіў на будоўлю Вілюйскае ГЭС, якую фінансуе кампанія “Алмазы
России”. Адпрацаваўшы па некалькі месяцаў у экстрэмальных умовах, беларускія
вахтавікі ня толькі не атрымалі ніякіх грошай, але нават ня мелі сродкаў
на тое, каб вярнуцца дадому. Сёньня ў офісе газэты “Рабочы” наш карэспандэнт
сустрэўся з двума нашымі працаўнікамі, што ўчора вярнуліся з Саха-Якуціі.
Сцэнар, паводле якога беларусы трапляюць на расейскую Поўнач, прыблізна
аднолькавы. Прынамсі, Сяргей Калаур зь Пінску й Сяргей Марцынкевіч са Слуцку
знайшлі адпаведныя запрашэньні наўпрост у мясцовых бюро працаўладкаваньня.
Заробак прапаноўваўся па сёньняшнім часе прыстойны ($300 без уліку выдаткаў).
Але ўжо на месцы аказвалася, што запрашэньне ня мае нічога агульнага з
тэкстам дамовы.
Гаворыць Сяргей Марцынкевіч:
“Я 20 год адпрацаваў на бульдозэры, а мяне чамусьці ставяць на стажаваньне
да чалавека, які працуе толькі год. Гэта значыць, мінімум месяц праца паводле
ніжэйшага разраду й без прэміяльных… Першапачаткова было абумоўлена 5 працоўных
дзён на тыдзень, а прыехалі — 10–13 гадзінаў штодня разам з выходнымі.
Іншая справа — калі б плацілі! А тут нават не далі адмысловага адзеньня,
і кожны працаваў у тым, у чым прыехаў. Месяц яшчэ папрацаваў…”
І калі цярпеньне скончылася, разам зь іншым бульдазэрыстам Сяргей напісаў
заяву, што ня згодны з працоўнай дамоваю і патрабуе кампэнсацыі выдаткаў
і вяртаньня за кошт адміністрацыі дадому. Адказу не было…
Зноў гаворыць Сяргей Марцынкевіч:
“Мы паехалі да кіраўніцтва ў Мірны, але нас там ужо чакала міліцыя.
Завялі ў аддзел. Найперш было пытаньне: “Ну што, страйкуеце?”… А потым
пачалі зьбіваць. У Сьветлы ж пайшла інфармацыя, што мы былі пьяныя. Ужо
ў пасёлку нас накіравалі на мэдкамісію. Асьведчаньне паказала, што ніякіх
сымптомаў няма, але ўсе гэтыя паперы далей лякарні ня выйшлі. 8 лістапада
нас звольнілі. Загад быў падпісаны, але копію працоўнае дамовы не далі,
разьліку не было таксама. Усе астатнія дні харчаваліся чым прыйдзецца.
Так і пражылі”.
Брыгада, дзе працаваў Сяргей Калаур, пайшла, так бы мовіць, у наступ
адразу ж. Спрэчкі з кіраўніцтвам аказаліся марнымі. Была аб’яўленая галадоўка,
на якую мясцовыя ўлады не зьвярталі ўвагі 2 тыдні! Мала таго, усе галадары
наогул былі зьнятыя з харчаваньня. Толькі калі Ігар Гапоненка з Мазыра
страціў прытомнасьць, была выкліканая “хуткая дапамога”. Тады ўпершыню
прынесьлі ежу.
Што было далей, распавядае Сяргей Калаур:
“…І зноў усё заглохла. Праўда, кіраўніцтва сказала, што харч выдалі
дзеля таго, “каб раней тэрміну не паздыхалі”. Тэрмін адлёту ўвесь час пераносіўся.
Нарэшце, 18 лістапада фірменны самалёт “Алрос” (хоць і ляцеў да Масквы)
чамусьці выкінуў нас у Чабаксарах. Прычым, прадстаўнік кампаніі спрабаваў
схавацца. Яшчэ 12 гадзінаў ехалі да Масквы. Там наш куратар зьнік і мы
засталіся на Кіеўскім вакзале без анічога… Намі пачалі цікавіцца міліцыянты.
Добра, удавалася дамаўляцца — яны й самі разумелі, што ўзяць з нас няма
чаго”.
Паводле пацярпелых, яшчэ некалькі дзясяткаў беларусаў задзейнічаныя
на аб’ектах “Алроса”.
Паказальна, што беларуская амбасада ў Расеі не выказвае практычна ніякае
цікаўнасьці да сваіх грамадзянаў. Уся зацікаўленасьць у дадзеным выпадку
абмежавалася адным тэлефаваньнем кагосьці з клеркаў з пытаньнем: “Калі
ў вас скончыцца галадоўка?”. Ды й шмат хто лічыць, што калі б ня шум, ініцыяваны
роднымі вахтавікоў, невядома, ці хутка яны вярнуліся б дадому.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1